Берасцейскі абласны суд пакінуў без зменаў пастанову аб спагнанні штрафу з незалежных журналістаў Алеся Ляўчука і Тамары Шчапёткінай.
Незалежны журналіст з Берасця Алесь Ляўчук будзе вымушаны заплаціць 6 млн. рублёў за г. зв. «незаконны выраб і распаўсюд СМІ». «За 25 хвілінаў засудзілі двух журналістаў. Вынік быў чаканы», – сказаў Алесь Ляўчук у размове з belsat.eu.
Журналістка Тамара Шчапёткіна з гораду Бяроза атрымала штраф у памеры 4,5 млн. рублёў. У пастанове аб накладанні адміністрацыйнага спагнання за подпісам бярозаўскай суддзі Наталлі Вакульчык указваецца, што яна прыцягнута да адказнасці за супрацу з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі без акрэдытацыі.
Сёлета за працу без акрэдытацыі былі аштрафаваныя некалькі журналістаў-фрылансераў.
ЮВ, belsat.eu