Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны 19 студзеня выпусціў расследаванне пра таемны палац прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.
Палац размешчаны на беразе Чорнага мора ў сяле Праскавееўка Краснадарскага краю. Заяўляецца, што ў рэзідэнцыі Пуціна ёсць падземны лядовы палац, уласнае казіно, тэатр, вялікія вінаграднікі, некалькі верталётных пляцовак ды шмат іншага.
Кошт палацу ацэньваецца на 100 млрд расейскіх рублёў (больш як $ 1,3 млрд).
Камандзе апазіцыянера ўдалося высветліць, што будаўніцтвам і напаўненнем гэтай рэзідэнцыі займаюцца дзве дзяржаўныя кампаніі – «Роснефть» і «Транснефть», узначаленыя бліжэйшымі сябрамі прэзідэнта Расеі Мікалаем Токаравым і Ігарам Сечыным. Раскрываюцца карупцыйныя схемы з часоў, калі Пуцін яшчэ служыў у прадстаўніцтве савецкага КДБ у ГДР.
За 16 гадзінаў пасля публікацыі відэа прагледзелі 16 мільёнаў разоў.
Сам Аляксей Навальны, якога затрымалі 17 студзеня пасля прылёту з Берліну ў Маскву, застанецца за кратамі да 15 лютага. Са жніўня палітык быў на лячэнні ў Нямеччыне пасля атручвання рэчывам з групы «Навічок». Па вяртанні ў Маскву палітыка затрымалі проста ў аэрапорце.
На 23 студзеня прыхільнікі Аляксея Навальнага абвясцілі ў Расеі масавую акцыю пратэсту, каб падтрымаць апазіцыйнага палітыка.
МГ belsat.eu