З пачатку года ў Менску выяўлена 94 новыя выпадкі ВІЧ-інфекцыі


За студзень-люты 2019 года ў Менску зафіксавалі 94 новыя выпадкі ВІЧ-інфекцыі. Сярод пацыентаў 72% – гэта мужчыны, 28% – жанчыны.

Як паведамляе санітарна-эпідэміялагічная служба Менску, часцей за ўсё інфекцыя перадавалася палавым шляхам (65% выпадкаў), а таксама пры ін’екцыйным увядзенні наркатычных сродкаў – 35%.

Выпадкі ВІЧ-інфекцыі зарэгістраваныя ў асобаў ва ўзросце ад 20 да 75 гадоў, сярэдні ўзрост склаў 37 гадоў. Паводле стану на пачатак сакавіка ў Менску пражывае 4642 чалавекі з ВІЧ.

***

  • На дадзены момант, згодна статыстыцы ААН, Беларусь уваходзіць ў тройку краінаў паводле тэмпаў заражэння ВІЧ у Еўропе. Першага пацыента з ВІЧ-інфекцыяй у Беларусі выявілі ў 1987-ым. На пачатак 2019 года, паводле звестак Рэспубліканскага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, у краіне жывуць 26 979 чалавек з станоўчым ВІЧ-статусам. Асноўны шлях распаўсюджання – палавы гетэрасексуальны кантакт.
  • ВІЧ-інфекцыя – хранічнае захворванне, выкліканае вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ). Чалавек не можа адчуць, трапіў ВІЧ ў яго арганізм ці не. Адмысловы тэст – гэта адзіны спосаб своечасова выявіць захворванне і пачаць лячэнне. Тэставанне можна правесці ў хатніх умовах з выкарыстаннем экспрэс-тэсту на ВІЧ па сліне, які можна набыць у аптэках. Для таго, каб вынік экспрэс-тэсту быў пэўным, з моманту меркаванага інфікавання павінна прайсці не менш за 10-12 тыдняў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў