Мясцовыя ўлады прыбралі помнік Уладзіміру Леніну з цэнтральнай плошчы Смаргоні. Спачатку яго збіраліся рэстаўраваць, але пазней вырашылі не вяртаць скульптуру ў цэнтр гораду.
Бетонны помнік дэмантавалі яшчэ 18 красавіка ў межах падрыхтоўкі да абласных «Дажынак» з прычыны яго неадпаведнага стану, паведамляе «Светлы Шлях».
Неўзабаве знеслі і пастамент, на якім стаяў Ленін.
«Гэты помнік не ўяўляе ніякай архітэктурнай ці іншай каштоўнасці. Ён зроблены з цэменту, які з часам пачаў разбурацца», – распавяла начальніца аддзелу ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкаму Ганна Джумкова, піша «Наша Ніва».
Паводле яе, разглядаўся варыянт пакрыць помнік металам, але гэта было б вельмі дорага і «людзі б не зразумелі, каб мы [смаргонскія ўлады. – Рэд. Belsat.eu] выдаткавалі грошы на гэта». У выніку было вырашана рабіць фармоўку з цэменту.
Калі працы будуць завершаныя, Леніну знойдуць новае месца, але на аднаўляемай да «Дажынак» цэнтральнай плошчы месца яму не засталося.
МГ belsat.eu