Ні камуністычная ўлада, ні прымусовае высяленне праз аварыю на ЧАЭС не здолелі знішчыць народныя традыцыі ў вёсцы Мікулічы ў Брагінскім раёне. Вяскоўцы вярнуліся і цяпер, як умеюць, адраджаюць страчанае.
Сёлета ў Мікулічах адрадзілі традцыйнае свята Міхайла пра дапамозе… пашукавіка Google. Вольга Ходар, настаўніца гісторыі, самастойна напісала сцэнар свята, выкарыстоўваючы інфармацыю з беларускіх і расейскіх сайтаў. Дзясятак кніг па краязнаўчай літаратуры ў гэтай справе мала ў чым дапамаглі, бо яны даюць звесткі пра свята выключна ў праваслаўным кантэксце. Доўгажыхароў, якія маглі б расказаць пра традыцыі вёскі, засталіся лічаныя адзінкі. Таму нічога не заставалася, як «пагугліць».
«Так захапілася працай па аднаўленні мікуліцкага свята, што планую працягнуць працу і далей. Хачу даследаваць, як святкавалі Міхайла і ў іншых вёсках. Зразумела, што зноў прыйдзецца «гугліць», бо па-іншаму нўардці знайду патрэбную інфармацыю, калі толькі не з’ежджу ў пэўную вёску», – падзялілася планамі Вольга.
Найважнейшай часткай святочнага відовішча было задобрыванне дваравога.
Рана, да белых зорак, бабка выносіла кубак з піўным суслам і ставіла яго на паветку. Затым, перад поўднем, гаспадар сядаў на каня і пачынаў ездзіць на ім вакол двара. А гаспадыня ў гэты час, стоячы на ганку хаты, махала ва ўсе бакі венікам, прыгаворваючы: «Бацюшка дваравы! Не хадзі! Не спустош двор, скаціну не загубі! Гоншчыку шляхі-дарогі не паказвай!». Пасля гэтага венік намочвалі дзёгцем, і дзе-небудзь у двары праводзілася дзёгцевая паласа. Гэта называлася «адзначаць на лысіне ў дзядка шчарбіну».
Лічылася, што чорт, убачыўшы гэтую шчарбіну, ледзь не за вярсту стане абыходзіць дом, гаспадар якога строга захоўвае звычаі даўніны.
Паўнавартаснай рэканструкцыяй такое аднаўленне свята не назавеш, хутчэй – стылізацыяй. Аднак Міхайлаў дзень сёлета аб’яднаў усю вёску.
Мікулічы – гэта вёска, якая пацярпела ад аварыі на ЧАЭС і была выселена, а дамы зруйнавалі. Але з цягам часу тут з’явіліся аграгарадок і новыя дамы – некаторыя мікуляне пачалі вяртацца на сваю малую радзіму. Цяпер у Мікулічах жывуць людзі і з іншых вёсак Брагінскага раёна. Так сталася, што культурная спадчына вёскі амаль страчаная, а старых, якія памятаюць мясцовыя традыцыі, становіцца ўсё менш. Мікулічы, між іншым, старажытнае паселішча. Пра гэта сведчыць і назва, якая паходзіць ад імя Мікула, і наяўнасць каля вёскі курганоў ХІ стагоддзя.
Па словах Марыі Жураўскай, доўгажыхаркі Мікулічаў, на Міхайла вяскоўцы абавязкова хадзілі ў госці і да сябе запрашалі. На стале павінна было быць не менш за 12 страў. Для настрою – спявалі і танчылі.
Аднак, што спявалі канкрэтна, Марыя Іванаўна не ўзгадала, пачалі шукаць у інтэрнэце. Гісторык Вольга Ходар знайшла песню пра архангела Міхаіла па-расейску, а настаўніца беларускай мовы Святлана Лявоненка пераклала яе на беларускую мову. Таксама са сцэны мікуліцкага Дому культуры прагучалі прыказкі ды прымаўкі пра Міхайлаў дзень.
Вяскоўцы вяртаюць сабе і народныя традыцыі (хай і з элементамі паганства), і веру. Царква ў Мікулічах згарэла ў 1955 годзе і не была адноўленая. Хто б падумаў, што прыход Богаяўлення Гасподнія будзе месціцца ў будынку былога сельсавету! Магчыма на тым месцы, дзе вісеў партрэт Леніна, вісяць цяпер іконы.
Мікуліцкія майстры сваймі рукамі зрабілі прастол і царскія вароты. Школьнікі дапамаглі зрабіць рамонт, прыбіраць памяшканні.
Без царквы мікуляне не маглі святкаваць Міхайлаў дзень. «Бо як так, ёсць у вёсцы прастольнае праваслаўнае свята, а царквы няма?!» – здзіўляецца настаўніца Святлана Лявоненка. Таму актывісты заняліся вырашэннем і гэтага пытання. І ў прызначаны дзень айцец Расціслаў Бандарэнка правёў першую службу.
Каб увесці ў эксплуатацыю будынак, давялося сабраць 18 мільёнаў рублёў. Грошы збіралі ледзь не ўсім наваколлем: акрамя мікулянаў, ахвяраванні зрабілі жыхары суседніх вёсак Буркі і Рыжкава. Спрычыніліся да справы былыя выпускнікі Мікуліцкай школы ды айцец Расціслаў. Будматэрыяламі дапамагла грамадская арганізацыя «Зялёны Крыж».
Жанна Чубса, каардынатарка праектнай дзейнасці «Зялёнага Крыжа» у Брагінскім раёне, вельмі радуецца ініцыятыве мікулянаў. Кажа, вёска ажывае на вачах.
МЯ, belsat.eu
Фота Сямён Шаўцоў