Дзясяткі супрацоўнікаў спецслужбаў, перакрытыя ўваходы, складзеныя пратаколы ды патрабаванне сустрэчы з рэктарам – у такой атмасферы адбыўся першы за апошнія дзесяць гадоў, пратэст навучэнцаў галоўнага ВНУ Беларусі супраць платных пераздачаў.
Тысячы падтрымалі актывістаў у інтэрнэце, у рэальным пратэсце паўдзельнічалі каля двух сотняў асобаў. Ці дастаткова гэтага, каб быць пачутымі?
Амаль два дзясяткі гадоў беларускія студэнты маўчалі. Аднак сёння выйшлі з пратэстам на «Марш любові ды салідарнасці». Удзельнікі акцыі – студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, сабраліся ў сталічным Міхайлаўскім скверы.
«Таму што трэба… бо ніхто не жадае плаціць за даступную адукацыю» – зазначае ўдзельнік акцыі.
Удзельнікі «Любові ды салідарнасці» патрабавалі не толькі адмены платных пераздачаў, якія рэктарат БДУ ўводзіць з наступнага года, але і рэальнага самакіравання ва ўніверсітэцкім жыцці. За спробу адстаяць свае правы на некаторых удзельнікаў акцыі праваахоўнікі склалі традыцыйныя пратаколы.
«Людзей сёння прыйшло шмат, і гэта кажа пра тое, што трэба наладжваць дыялог, а не выдумляць нешта. Бо ў гэтым зацікаўленыя абодва бакі» – адзначае Мікіта Броўка з Арт-сядзібы.
Яшчэ напярэдадні маршу ўлады адказалі на студэнцкі пратэст цэлым шэрагам контразахадаў. Спачатку рэктар адукацыйнай установы Сяргей Абламейка заклікаў студэнтаў не ісці на правакацыі трэціх сілаў, прызначыўшы ў дзень правядзення маршу салідарнасці сустрэчу з навучэнцамі, а потым адмяніў яе з прычыны ўсё тых жа правакацыяў.
«Яны думаюць, што рэктар – гэта нейкі Бог. Хаця гэта просты мэнеджар, які наняты дзяржавай для таго, каб універсітэт працаваў. Відавочна, што рэктар не хоча бачыцца са студэнтамі, вось і ўсё» – падкрэслівае ўдзельнік акцыі Уладзь Сташкевіч.
Апошні раз буйныя студэнцкія пратэсты адбываліся ў 90-ых гадах мінулага стагоддзя, калі на маршы прыходзілі цэлымі факультэтамі. Часам гэтыя пратэсты жорстка разганяліся ўладамі. Пазней «Малады фронт» штогод 14 лютага праводзіў «Дзень любові», у якім брало ўдзел шмат моладзі.
«Мне падаецца, што са студэнтамі добра навучыліся працаваць і маніпуляваць яшчэ ў пачатку нулявых. Пасля чаго нічога цэнтралізаванага няма. Таму я думаю, што мы яшчэ доўга будзем узгадваць гэты студэнцкі марш як праяву салідарнасці, калі людзі аб’ядналіся і змаглі нешта зрабіць» – звяртае ўвагу Мікола Дземідзенка, сустаршыня «Маладога фронту».
Беларускія студэнты актыўна бралі ўдзел і падчас Плошчы 2006 года. У выніку дзясяткі з іх адлічылі з вучэбных установаў і яны былі вымушаныя працягваць сваё навучанне ў суседняй Польшчы паводле адмыслова створанай праграмы Каліноўскага.
«Дастаткова шмат студэнтаў брала ўдзел у кампаніі 2006 года, але сказаць, што тады можна было зарганізаваць нейкі студэнцкі пратэст у тыя часы – я такога не прыгадаю» – кажа Мікола Дземідзенка.
Сённяшні ж марш – цалкам апалітычны, заяўляюць яго арганізатары.
Што праўда, гісторыя мае прыклады, калі менавіта студэнцкія пратэсты былі пачаткам пераменаў у жыцці цэлых краінаў.
Віталь Бабін, Belsat.eu