«Яны білі мяне як мяса». Напалі на машыну, катавалі, зрабілі фігурантам крымінальнай справы


20-гадовы Дзмітрый Хадаровіч прайшоў праз катаванні Акрэсціна і ў РУУС, дзе яго прымушалі абгаварыць сябе і прызнацца ў наездзе на сілавікоў. Пасля гэтага ён трапіў шпіталь са шматлікімі траўмамі, а пазней даведаўся, што супраць яго распачатая крымінальная справа паводле арт. 363 КК Беларусі (гвалт або пагроза гвалту супраць працаўнікоў органаў унутраных справаў). Цяпер Дзмітрый шукае сведкаў нападу на яго амапаўцаў на праспекце Пераможцаў, каб даказаць сваю невінаватасць.

Увечары 11 жніўня Дзмітрый разам са сваёй дзяўчынай Ліяй ехаў на аўтамабілі па праспекце Пераможцаў у бок Стэлы. Некалькі разоў яны пасігналілі ў знак салідарнасці з пратэстоўцамі.

«Нас спыніў працаўнік ДАІ, машыну заблакавалі. Я бачу, як падбягае да машыны некалькі даішнікаў і 3-4 амапаўца. Мы адразу атрымалі ўдар у шкло, яны крычалі, каб мы выходзілі. Я папрасіў іх прадставіцца і патлумачыць прычыну прыпынення, але яны прапусцілі мае словы міма вушэй і сталі выбіваць шкло. На мяне навялі драбавік. Я быў шакаваны і ў стане афекту прыняў рашэнне з’ехаць. Пакуль я выкіроўваў, прагучалі 2-3 стрэлы – адзін трапіў мне ў левую ключыцу, астатнія ў машыну», – распавядае ён.

Паколькі аўтамабіль Дзмітрыя заблакавалі, падчас спробы з’ехаць ён троху зачапіў машыну ДАІ.

«За мной была пагоня да гандлёвага цэнтру «Замак», там была перакрытая дарога. Нас у гэты момант абганяе машына ДАІ. Даінік вылезае ў вакно, дастае табельную зброю і крычыць: або спыняйся, або агонь на паражэнне. Я спыніўся, падняў рукі і нас затрымалі», – кажа ён.

Аўтамабіль, які 11 жніўня на праспекце Пераможцаў спынілі даішнікі, каб затрымаць. Фота ад герояў артыкулу

«Я мусіў быў сказаць, што збіў на машыне двайх амапаўцаў»

Спачатку Дзмітрыя і Лію кінулі ў бусік. Хлопца паклалі на пол і білі нагамі на вачах ягонай дзяўчыны. Хвілінаў праз 10 бусік спыніўся: Лію вывелі на вуліцу. «Я зразумеў, што цяпер са мной правядуць адмысловую выхаваўчую працу. Яны білі мяне як мяса яшчэ хвілінаў дзесяць. Менавіта ў гэтым момант я, хутчэй за ўсё, атрымаў страсенне мозгу. Пасля гэтага апамаўцы зноў пасадзілі дзяўчыну ў бусік і мы ўсе разам паехалі ў Фрунзенскі РУУС. Там нас вывелі з бусіку і паклалі тварам у зямлю».

На Дзмітрыя надзелі некалькі хамутоў (пластыкавыя кайданкі), якія сцягнулі рукі так моцна, што пашкодзілі косткі і ён цалкам перастаў іх адчуваць. «Яны, імаверна, убачылі, што ў мяне рукі ўжо сталі чорнымі і пачалі зрэзаць нажом, але рэзалі не ад рукі, а па руцэ – трапіла па венах. Але я ўжо маўчаў: рэжуць і рэжуць, галоўнае, каб знялі хамуты. А пасля гэтага надзелі звычайныя кайданкі».

Дзмітрыя і Лію завялі ў будынак Фрунзенскага РУУС і паставілі ў спецыяльную позу: апора ідзе на галаву і на калені, якія паступова адсоўваюць назад. «Я пад 100 кілаграмаў, у мяне моцны целасклад, але мне было вельмі цяжка так стаяць. А што казаць пра маю дзяўчыну, якая ўдвая мяне менш… Дык на яе пасля гэтага яшчэ сеў вялікі амапавец і сядзеў так хвілінаў пяць», – узгадвае ён.

Дзмітрыя вывелі ў асобны пакой, дзе пачалі выбіваць ілжывыя паказанні. «Я мусіў быў сказаць, што збіў на машыне двух байцоў АМАП. Хвілінаў 30 я трымаўся, але ўсе маюць сваю мяжу. Пад канец я ўнікліва сказаў, што магчыма я пры спробе выезду меў намер здзейсніць наезд… Сказаў проста, каб пакінулі ў жывых», – успамінае ён. Пасля гэтага Дзмітрыя павялі ў яшчэ адзін пакой, дзе сядзеў чалавек у балаклаве: цяпер гэтыя паказанні трэба было паўтарыць на камеру. Але цяпер ужо Дзмітрый распавёў праўду і адмовіўся прызнаць наезд на амапаўцаў. Чалавек у балаклаве ў сваю чаргу выключыў камеру і паклікаў 3-4 байцоў. Дзмітрыя зноў пачалі збіваць.

«Хуткая» едзе на выклік.
Фота: «Белсат»

«Потым я кепска памятую, што было…Калі прыйшоў у сябе, я зразумеў, што еду ў нейкай машыне. Прывезлі ў Цэнтральны РУУС, завялі на чацверты паверх у пакой і кінулі. Зайшлі два даішніка, якія былі ў момант затрымання. Яны давалі паказанні следчаму супраць мяне. Аднак цяпер яны казалі, што я збіраўся здзейсніць наезд на працаўнікоў ДАІ.

То бок яшчэ гадзіну таму АМАП выбіваў з мяне паказанні пра тое, што я збіў амапаўцаў, а цяпер працаўнікі ДАІ сцвярджаюць, што гэта я іх хацеў збіць».

Дзмітрыя пакінулі адзін на адзін са следчым з СК, якому ён даваў паказанні. Следчы не прымушаў даваць абгаворваць сябе. Хлопцу далі папіць вады і змянілі кайданкі на больш прасторныя. Следчы паабяцаў Дзмітрыю, што яго цяпер проста змесцяць у камеру. Але падмануў.

«Ты падпішаш усё што заўгодна – толькі б не білі больш»

Лію сапраўды змясцілі ў камеру, а Дзмітрыя вывелі ваўнутраны дворык Цэнтральнага РУУС. Там на зямлі ляжалі каля сотні чалавек. Разам з астатнімі затрыманымі хлопец заставаўся на зямлі ў гэтым дворыку да самай раніцы.

«Гэтыя сем гадзінаў былі цяжкія. Натуральна, мы не проста ляжалі. Білі ў пахвіну, па спіне, душылі. Рабілі, што хацелі. Збівалі нават 14-гадовага падлетка. Потым нас паднялі і яшчэ гадзінаў пяць трымалі ля сцяны. Аблівалі халоднай вадой, збівалі. У нас толькі два пытанні было да іх: дазвольце папрысядаць (бо было вельмі-вельмі халодна) і дазвольце выйсці ў прыбіральню. Мяне пастаянна ванітавала праз страсенне мозгу».

Затрыманых сталі па аднаму выклікаць падпісваць пратаколы. Людзям нават не давалі чытаць тыя паперкі, а за адмову іх падпісваць – збівалі.

«Калі ты адмаўляешся, цябе б’юць так, што ты падпішаш усё што заўгодна – толькі б не білі больш. Разумеючы гэта, я адразу падпісаў пратакол. Спрабаваў нешта прачытаць – але атрымаў за гэта ў твар».

Пасля гэтага з затрыманых пачалі фармаваць групы, каб развозіць па ізалятарах. Калі прозвішча затрыманага называлі, ён мусіў хутка бегчы ў аўтазак. Пакуль чалавек бег да аўтазака – яго білі амапаўцы, стараліся паставіць падножку. А аўтазаку Дзмітрый трапіў у «стакан»: маленькая камера памерам з прыбіральню ў самалёце, куды запіхнулі 6 чалавек, у тым ліку дзядуля.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Дзядулю мы пасадзілі, а самі стоячы абняліся і заснулі (я раней ніколі стоячы не спаў). Я расплюшчыў вочы гадзіны праз дзве. Паспрабаваў удыхнуць, але не змог. Я зразумеў, што ў нас фактычна няма кіслароду. Дзядуля быў жывы, але яму было кепска. Мы крычалі, каб нам пусцілі кісларод. Хвілін праз 30 сапраўды ўключылі нейкі вентылятар. Не ведаю, як мы выжылі без паветра… І толькі яшчэ праз гадзіну нарэшце завялася машына. То бок увесь гэты час мы нікуды не ехалі: нас проста пасадзілі ў аўтазак на 4 гадзіны і сышлі».

Агулам у аўтазаку было каля 50 чалавек, іх прывезлі ў Жодзіна. На нейкі час міліцыянты выйшлі на вуліцу, у машыне заставаўся толькі адзін супрацоўнік. Затрыманыя ўпрасілі яго прыадчыніць дзверы і даць вады. «Даў літр вады на 50 чалавек – кожны з вечкі палізаў гэтую ваду і ўсё».

«На Акрэсціна білі не ўвесь час, нас там катавалі псіхалагічна»

Дыягназ пасля зняцця пабояў катаванага ў Менску амапаўцыамі і даішнікамі Дзмітрыя.

У Жодзіна, як зразумеў Дзмітрый, месца для затрыманых ужо не знайшлося – іх вярнулі ў Менск, завезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. З аўтазаку да камеры людзей праганялі праз строй у позе ластаўкі.

«Галаву падымаць нельга, глядзець на іх нельга – гэта адразу смяротны прысуд. Перад намі стаялі дзве калоны працаўнікоў АМАПу з дубінкамі ў масках проста з шалёнымі вачыма. Праз гэтую калону табе трэба прабегчы ў сваю камеру. Перада мною бег дзядуля, гадоў пад 70. Я спрабаваў яго неяк прыкрыць ад удараў целам».

На Акрэсціна Дзмітрыя з іншымі затрыманымі змясцілі ў маленькай камеры пад адкрытым небам з рашоткай наверсе. У гэтую камеру 2 на 3 метра кінулі больш за 50 чалавек.

Людзі пакутавалі ад смагі і абязводжвання, некаторыя затрыманыя пачыналі літаральна схадзіць з розуму, успамінае Дзмітрый.

«Да нас падышлі, адкрылі маленькую шчыліну ў дзверы і пытаюцца: колькі вас? Мы палічылі – 56. Ага, кажуць, значыць 56 паек і столькі літраў вады, каб кожны мог напіцца… Калі мы гэта пачулі, мы адчулі палёгку: вось, нарэшце, зможам папіць і паесці пасля ўсяго гэтага жаху. Але дарма. У чым была розніца паміж Акрэсціна і РУУС? На Акрэсціна білі не ўвесь час, нас там катавалі псіхалагічна. Вось нам кажуць, што дадуць вады і паесці, што размяркуюць усіх па камерах. Але праходзіць гадзіна, паўтары і ты разумееш, што нічога нам не дадуць. Потым зноў абяцаюць і зноў нічога не даюць».

Усяго ў камеры пад адкрытым небам было 56 чалавек. Нармальна легчы не было магчымасці. Затрыманыя размясціліся ялінкай: рассунулі ногі, каб было больш прасторы, і кожны клаўся галавой у ногі суседа. У такім становішчы людзі знаходзіліся прыкладна да 3:30 13 жніўня.

«На верхні паверх вывелі групу з 20 чалавек, далі падпісаць нейкі пратакол. Я нават ужо і не спрабаваў чытаць, што падпісваю – у гэты момант думаеш толькі пра тое, каб выйсці, падпісваеш усё што заўгодна».

Перад тым як выпусціць за тэрыторыю Акрэсціна затрыманых напрыканцы зноў білі. У дворыку Дзмітрый ізалятара бачыў мноства выдраных жаночых валасоў…

Крымінальная справа

Крымінальная справа супраць Дзмітрыя Хадаровіча па выніках затрымання 11 жніўня.

Пасля катаванняў Дзмітрый быў шпіталізаваны са шматлікім траўмамі: закрытая чэрэпна-мазгавая траўма, страсенне мозгу, пералом пяціпястнай косткі, множныя гематомы і пашкоджанні. Ужо ў лякарні хлопец даведаўся, што супраць яго распачалі крымінальную справу паводле ч.2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (гвалт або пагроза гвалту адносна працаўнікоў органаў унутраных справаў).

Паводле пастановы Цэнтральнага РОСК Менску, Дзмітрый аказаў супраціў супрацоўнікам УДАІ ГУУС Менгарвыканкаму Бабровічу і Піскарову. Фактычна яго вінавацяць у тым, што, ратуючыся ад нападу АМАПу, ён пашкодзіў машыну ДАІ, чым стварыў пагрозу атрымання ДАІшнікамі цялесных пашкоджанняў. Паводле гэтага артыкулу, Дзмітрыю пагражае да 5 гадоў зняволення. Ягоная дзяўчына Лія праходзіць па справе ў якасці сведкі. Справу вядзе капітан юстыцыі Глушчанка.

Дзмітрый шукае сведкаў інцыдэнту на праспекце Пераможцаў

Важна, каб сведкі пацвердзілі, што яны з дзяўчынай сталіся ахвярамі нематываванага нападу сілавікоў. Дзмітрый просіць звязацца з ім па тэлефоне +375 29 714 77 88.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў