Як жыць у горадзе-спадарожніку: цяпло на вагу золата ў Заслаўі


Жыхароў заслаўскага мікрараёну перавялі на самыя высокія тарыфы, старшыні таварыстваў гатовыя судзіцца.

Камунальны скандал у Заслаўі: жыхары дамоў у другім мікрараёне плацілі за ацяпленне 50 тыс. рублёў, а цяпер – у 4 разы болей, бо «Менрайцяплосеткі» перавялі іх на максімальную аплату. Старшыні таварыстваў гатовыя судзіцца.

Дом нумар 27 на вуліцы Мікрараён, 2 пабудаваны з улікам цеплаашчаджальных тэхналогіяў: сцены тут уцепленыя, а ў кожнай кватэры ёсць рэгулятар тэмпературы на батарэях. Лічыльнік цяпла агульны на дом, але, нягледзячы на гэта, яго перавялі ў шэраг безуліковых: цепласеткі матывавалі гэтую пастанову тым, што такім малым рахунак за цяпло быць проста не можа. Значыць, лічыльнік зламаны – вырашылі яны.

«Чаму раптам мы мусім плаціць за энергію ў некалькі разоў болей за тое, што паказвае наш лічыльнік? На падставе чаго? Акту аб тым, што лічыльнік не працуе, нам не далі, мусіць быць падстава», – кажа Лілія Садоўская, старшыня таварыства «Азёрны-2006».

Дакументаў, якія пацвярджалі б пашкоджанні лічыльніка, у Цепласетак няма. Згодна з тэхнічным пашпартам, наступнае правяранне мусіць адбыцца толькі ў жніўні, а калі жыхары самыя захочуць спраўдзіць лічыльнік раней, ім разам давядзецца заплаціць 2 млн рублёў са сваёй кішэні.

«Калі есць сумневы – хай, калі скончыцца ацяпляльны сезон, таварыства падасць у планавым парадку лічыльнікі ў паверку і там высвятляць, быў ён зламаны ці ня быў», – адказвае дырэктар прыватнага ЖЭСу «Айнмалін М» Віктар Кліменка.

Такі сюрпрыз з коштамі ў лютым чакаў і жыхароў яшчэ некалькіх дамоў па вуліцы Студзянецкай у Заслаўі: у гэтых навабудах ужо ёсць тэхналогія цеплаашчаджэння, і цепласеткі таксама пастанавілі перавесці іх на максімальную аплату. На нашае пытанне, ці знайшліся ў гэтых дамах зламаныя лічыльнікі, у арганізацыі не адказалі.

Настасся Храловіч

Стужка навінаў