Як цудатворная ікона Горадню ад маскоўцаў ратавала


Гарадзенскі гісторык разгадаў загадку старажытных лаваў-сталяў з малюнкамі магнатаў і шляхцічаў ВКЛ.

Цудатворны абраз Маці Божай Кангрэгацкай стагоддзямі прыцягваў вернікаў у касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Горадні. Стоячы перад абразом, аздобленым золатам і срэбрам, не адразу звяртаеш увагу на ўнікальны помнік сармацкай культуры – трохсотгадовыя лавы-сталі з выявамі магнатаў і шляхты ВКЛ. Такія лавы пачалі ставіць яшчэ ў сярэднявеччы, каб манахам было не так холадна маліцца ў не абаграваных святынях. Часцей за ўсё, такую мэблю ўпрыгожвалі выявамі біблейскіх сцэн і святых.

300-гадовыя лавы-сталі ў Фарным касцёле ў Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Доўгі час заставалася таямніцай, хто і калі вырабіў лавы і чаму аздобіў іх малюнкамі шляхцічаў. Гісторык і даследчык езуітаў Уладзімір Ляўшук лічыць, што разгадаў загадку артэфакту.

300-гадовыя лавы-сталі ў Фарным касцёле ў Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Хто сядзеў за лавамі?

Сталі – адмысловая мэбля, прыстасаваная для групавой малітвы. Назва паходзіць ад слова «стойла». Рабілі яе без падлакотнікаў і поручняў, адзін чалавек на лаве фізічна не мог утрымацца, таму стаялі на каленях толькі разам, роўныя адзін аднаму. Не здарма абраз Маці Божай Кангрэгацкай таксама клічуць Студэнцкай. Як сцвярджае Уладзімір Ляўшук, сталі перад іконай пабудавалі адмыслова для студэнтаў тагачаснага езуіцкага калегіума. Маліцца ў такіх лавах маглі толькі вучні апошняга году рыторыкі, якія выдатна валодалі лацінай і вучыліся духоўным практыкам. Юнакі лічыліся вельмі пабожнымі. Іх палымяная малітва раўнялася да малітвы ксяндзоў і манахаў, таму вернікі не раз прыносілі да іх свае просьбы.

Гісторык Уладзімір Ляўшук распавядае пра старажытныя сталі ў Фарным касцёле.
Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Як шляхціч Жэляроўскі цудам ад маскоўскіх жаўнераў уцёк

Як сцвярджае гісторык, малюнкі на лавах – гэта просьбы і падзякі. Адна з першых выяваў распавядае, як шляхціч Войцех Жэляроўскі ў 1664 г. падараваў ікону студэнтам езуіцкага калегіума. Жэляроўскі засведчыў, што калі маскоўскія войскі акупавалі Горадню, два дзясятка палонных шляхцічаў трымалі ў Гарадзенскім замку. Паколькі грошай на выкуп не было, а карміць высакародных паноў за «дзякуй» ніхто не збіраўся, ім сказалі рыхтавацца да смерці.

Малюнак Войцеха Жэляроўскага, якога разам з іншымі шляхцічамі Маці Божая Кангрэгацкая ўратавала з маскоўскага палону.
Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

У роспачы Жэляроўскі дастаў абраз, які хаваў у мяшэчку, і палонныя пачалі маліцца. У пэўны момант яны перасталі плакаць, адчулі ў сабе сілы і пачалі бурыць мур, цераз які пераскочылі ды паспяхова ўцяклі. Перад смерцю Войцех Жэляроўскі вырашыў перадаць ікону студэнтам у памяць пра цудоўнае выбаўленне з маскоўскага палону.

Выява шляхціча Войцеха Жэляроўскага, які падараваў цудатворную ікону студэнтам езуіцкага калегіума.
Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Выява ўрачыстай працэсіі пераносу іконы ў святыню дапамагае акрэсліць часовыя межы старажытных сталяў. Дагэтуль меркавалася, што мэблю пабудавалі каля 1730-х гадоў, паколькі на адным з малюнкаў ёсць гэтая невялічкая дата. Аднак Уладзімір Ляўшук мяркуе інакш. У 1664 годзе, калі звольнілі горад ад маскоўскіх войскаў, езуіты адразу ж пабудавалі драўляны касцёл, які называўся Пятра і Паўла, і перанеслі туды ікону. Аднак на сталях намаляваны ўжо мураваны касцёл, які мы бачым сёння. Чаму такая розніца? Гісторык мяркуе, што мастак не мог бачыць самую працэсію ў 1664-м, але бачыў іншую, якая адбылася ў 1716 годзе, калі касцёл ужо стаяў мураваны. Значыць лавы зрабілі крыху пазней за 1716 год.

Малюнак Казіміра Сапегі, які падараваў золата для іконы Маці Божай Кангрэгацкай.
Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Пра што маліліся магнаты ВКЛ?

Агулам сталі размешчаны такім чынам, што большасць малюнкаў звычайны наведвальнік не ўбачыць. Толькі адзін з іх, павернуты да вернікаў, выяўляе менскага старасту Кшыштафа Завішу, сваяка Сапегаў па лініі маці. Завіша вельмі хацеў стаць маршалкам сойма, які праводзіўся ў Горадні. Малюнак паказвае, як менскі стараста цяжка захварэў, але, памаліўшыся перад іконай, цудам вылекаваўся.

Уладзімір Ляўшук.
Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Як распавядае Уладзімір Ляўшук, у той час многія не ўмелі чытаць, таму падобная выява магла мець крыху іншую мэту, а дакладней дадаваць Завішы папулярнасці. Апроч гэтага, шляхціч славіўся як выдатны паляўнічы і прамоўца. Наведваючы святыню, людзі бачылі толькі малюнак Кшыштафа Завішы, таму не дзіва, што ён усё ж такі заняў пасаду маршалка сойму ў 1698 годзе.

300-гадовыя лавы-сталі ў Фарным касцёле ў Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

На думку гісторыка, некаторыя з малюнкаў былі просьбамі выбавіцца ад Масквы ў 1717 г. Справа ў тым, што пачатак XVIII ст. – гэта час Паўночнай вайны і адначасова грамадзянскай вайны ў Рэчы Паспалітай. Кароль Аўгуст ІІ Моцны, каб утрымацца на троне, папрасіў дапамогі ў Пятра І, які накіраваў у Рэч Паспалітую свае войскі. Як напісана ў хроніках, у той год у кожным доме ў Горадні стаяла па 20 маскоўскіх жаўнераў, якія з’елі літаральна ўсё. У горадзе пачаўся голад і хваробы, галадалі таксама манахі-езуіты. Гараджане прасілі дапамогі ў Маці Божай Кангрэгацкай, каб пазбавіцца ад «сяброў». І, як ні дзіўна, у тым жа годзе канфедэраты падпісалі з каралём чарговы пакт, які праз год прынёс доўгачаканы мір у краіне.

Малюнак Казіміра Сапегі, які падараваў золата для іконы Маці Божай Кангрэгацкай.
Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Гісторыя невядомага мастака

Самую пабудову сталяў гісторык звязвае таксама з падрыхтоўкай гораду да сойму, які меўся адбыцца ў 1718 годзе. Езуіты імкнуліся пераняць першынства бернардзінцаў у правядзенні ўрачыстых службаў для шляхты. Паколькі новапабудаваны касцёл стаяў амаль пусты, патрэбны былі хаця б мінімальныя аздобы.

Цудатворная ікона Маці Божай Кангрэгацкай у Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Прагледзеўшы спіс манахаў і студэнтаў калегіума, аказалася, што толькі тры асобы маглі гэта зрабіць. Хутчэй за ўсё, у 1718 г. лавы пабудаваў і размаляваў адзін з братоў езуітаў Міхал Берасневіч, які пражыў вельмі доўгае жыццё і бачыў намаляваныя падзеі на свае вочы. Па сутнасці, ён быў тагачасным прарабам. Звычайна манахаў перакідвалі з месца на месца раз на 2-3 гады, але Міхал Берасневіч займаўся будоўляй і пражыў у кляштары цягам 30 гадоў. Ён мог бачыць працэсію, выяўленую на сталях, бо на той момант яму было 9 гадоў. Мог разам з рэктарам атрымліваць грошы ад Казіміра Сапегі і мог быць сведкам прысутнасці маскоўскіх войскаў ды сойму, бо памёр ажно ў 1719 г. Як лічыць гісторык, перад смерцю ён хацеў пакінуць памяць пра сябе, таму вырабіў лавы, якія да сённяшняга дня захоўваюцца ў святыні.

Hавiны
Журналісты «Белсату» выправіліся шукаць невядомую магілу паўстанцаў Каліноўскага і сфатаграфавалі прывід
2018.11.15 11:45

ПВ/Belsat.eu

Стужка навінаў