Як мінімум 4400 расейскіх жаўнераў ваююць у Сірыі. Перспектывы сумнеўныя


Расейскі вайсковы кантынгент у Сірыі быў рэзка ўзмоцнены і адкрыта пачаў баявыя дзеянні на баку прэзідэнта Башара Асада восенню 2015 года.

Афіцыйна армія РФ займаецца нанясеннем авіяўдараў па сілах сірыйскай апазіцыі і баявікоў-ісламістаў, пераважна з базы Хмеймім, аднак быў разгорнуты і наземны кантынгент, які ахоўвае базу і падыходы да яе.

Дадзеныя пра колькасць расейскіх вайскоўцаў зʼяўляюцца дзяржаўнай таямніцай, аднак дзякуючы выбарам у Дзяржаўную думу РФ, якія адбыліся ў канцы верасня, стала вядома, колькі чалавек прагаласавала ў Сірыі, паведаміў тэлеканал РБК.

Расейцы, якія жывуць у Сірыі, прыпісаныя да Слаўгародзкай аднамандатнай акругі Алтайскага краю РФ – і ў гэтым годзе на выбарах яўка была рэкорднай. Свой выбар зрабіў 4571 выбарца.

Расейскія войскі ў Сірыі. Пальміра.

Невядома, якую частку з іх складаюць вайскоўцы, але ўскосна пра колькасць тых, хто прагаласаваў не ў расейскай амбасадзе, а на вайсковай базе сведчыць лічба выбарцаў, якія паклалі бюлетэнь у пераносную скрыню. Калі ў амбасадзе прагаласавалі 193 асобы ў пераноснай скрыні апынулася 4378 бюлетэняў.

Аднак, хутчэй за ўсё, гэтая лічба зʼяўляецца мінімальнай ацэнкай колькасці расейскага кантынгенту, які ўдзельнічае ў сірыйскай грамадзянскай вайне на тэрыторыі Сірыі.

Гэтак у апошнія дні ў Сірыі зноў падтрымлівалі атакі войскаў Башара Асада пад Латакіяй штурмавікі Су-25, якія афіцыйна былі выведзеныя з базы Хмеймім 15-20 сакавіка 2016 года. Эксперты заўважылі самалёты ў рэпартажы агенцтва «Ruptly TV».

17 сакавіка прэзідэнт РФ Уладзімер Пуцін заявіў, што дзеянні расейскіх войскаў у Сірыі «карэнным чынам пераламілі сітуацыю», а «задачы, якія ставіліся, ў цэлым вырашаныя», ў сувязі з чым было прынята рашэнне вывесці «істотную частку» расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі.

Аднак літаральна праз некалькі дзён часопіс «Janeʼs Defence Weekly» апублікаваў спадарожнікавы здымак расейскай базы, які сведчыць, што, нягледзячы на словы прэзідэнта Уладзімера Пуціна, галоўныя сілы расейскага кантынгенту застаюцца ў Сірыі.

Спадарожнікавы здымак авіябазы Хмеймім 20 сакавіка 2016 года.

Больш за тое, ў Сірыю паступала новая баявая тэхніка – баявыя верталёты Ка-52 і Мі-28Н, аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы 9К720, «Іскандэр-М», новая бранятэхніка, нават аэрастаты назірання.

Акрамя базы ў Хмейміме і яшчэ савецкага абʼекта ў порце Тартус, расейскія войскі сталі базавацца на аэрадромах Шайрат і Тыяс. Пазіцыі расейскіх войскаў зʼявіліся і каля Пальміры, баі за якую суправаджаліся гучнай піяр-кампаніяй.

Расейская вайсковая калона ідзе ў раён Хомсу ў Сірыі.

Вясной 2016 года Мінабароны РФ замовіла больш за 10 000 медалёў для ўдзельнікаў сірыйскай аперацыі. 

Улічваючы абʼём і наменклатуру расейскай тэхнікі і баявых падраздзяленняў у Сірыі – а гэта не толькі авіяцыя, але і танкі, і беспілотнікі, і артылерыя, і марская пяхота, і часткі супрацьпаветранай абароны, і падраздзяленні спецыяльнага прызначэння, колькасць расейскай групоўкі можа перавышаць лічбу 4400 і дахадзіць да 6000-7000 чалавек.

Гэта выглядае вельмі рэальнай ацэнкай, асабліва калі ўлічыць удзел у сірыйскай вайне сакрэтных арганізацыяў, якія існуюць за кошт расейскага дзяржаўнага бюджэту – такіх, як так званая прыватная вайсковая кампанія «Вагнера». Яе звязваюць не толькі з баямі супраць украінскіх войскаў на Данбасе, аднак і з удзелам у сірыйскай грамадзянскай вайне пачынаючы з 2015 года.

Верагодна, расейскія найміты разам з жаўнерам арміі Асада.

Расейскія журналісты лічаць, што праз адсутнасць у Асада баяздольных наземных сухапутных войскаў менавіта такія паўлегальныя структуры, якія вярбуюць людзей з вайсковым досведам як у РФ, гэтак і на Данбасе, а магчыма і ў Беларусі, нясуць асноўныя страты ў тысячах кіламетраў ад роднай зямлі.

Невядома, ці стане Сірыя новым Афганістанам для расейскай арміі, аднак відавочна, што празмерна хуткі «вывад» расейскай групоўкі вясной стаў толькі піяр-акцыяй, якая скіраваная найперш на супакойванне сваіх уласных грамадзянаў.

З таго часу нельга сказаць, што сітуацыя ў Сірыі для расейскага кантынгенту заўважна палепшылася.

Толькі што расейскае федэральнае агенцтва РИА паведаміла пра чарговае павелічэнне групіроўкі войск у гэтай краіне.

Самае лепшае, што Пуцін зараз можа атрымаць ад свайго ўдзелу, які, па меркаванні заходніх экспертаў, каштуе расейскаму бюджэту $ 3-4 млн у дзень, гэта выхад з мінімальнымі стратамі ў людзях і ў іміджы.

Што датычыць інтарэсаў Беларусі, то, скажам шчыра, чым далей ад Беларусі і чым больш актыўна вядзе баі расейская армія, чым даражэй утрыманне расейскага заморскага кантынгенту, тым спакойней жыхарам беларускіх гарадоў і вёсак, тым больш часу мае беларускае грамадства і армія для падрыхтоўкі сваёй абароны.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў