«Я ўспрымаў гэта як падарункі». Экс-кіраўнік «БелОМА» распавёў, як атрымліваў хабары


Былы генеральны дырэктар «БелОМА» Вячаслаў Бурскі, якога вінавацяць у карупцыі, прызнаўся ў судзе, што з 2009 па 2019 год атрымаў ад кіраўніка расейскай кампаніі «Аптапром-ІТ» прыкладна 4-5 тысячаў долараў. Пры гэтым ён не ўспрымаў гэтыя грошы як хабар, а лічыў падарункам.

Працэс па справе былога генеральнага дырэктара «БелОМА» Вячаслава Бурскага і былога камерцыйнага дырэктара Уладзіміра Кіскіна распачаўся 25 кастрычніка ў судзе Першамайскага раёну Менску. Іх вінавацяць у атрыманні хабараў ад кіраўніка маскоўскай кампаніі «Аптапрам-ІТ» Аляксея Фаміна цягам 10 гадоў.

Бурскі і Кіскін цалкам прызналі сваю віну.

«Гэта ганьба для мяне. Нечаканая ганьба», – заявіў на працэсе Бурскі.

Бурскі назваў ганьбу «нечаканай» таму, што, паводле ягоных словаў, не лічыў грошы ад Фаміна хабарам.

«Я ставіўся да гэтага, як да падарунка. Не надаваў гэтаму значэння. Ну, якія там сумы былі?» – адзначыў Бурскі ў судзе.

Вячеслаў Бурскі на судзе. Фота – belsat.eu

За адзін раз Бурскі атрымліваў ад 100 да 300 долараў. Агулам за 10 гадоў выйшла прыкладна $ 4-5 тысяч долараў, сцвярджае ён. Пры гэтым пасля арышту ў ягоным гаражы знайшлі $ 60 тысяч. Але Бурскі кажа, што гэта былі грошы, якія яны з жонкай нібыта адкладалі з заробку цягам сямі гадоў.

Паводле следства, Фамін яшчэ ў 2009 годзе прапанаваў кіраўніцтву «БелОМА» сістэматычныя ўзнагароджанні за лабіяванні ягоных інтарэсаў пры пастаўках прадукцыі холдынгу (гаворка ідзе пра камплект дэталяў для траўматычнага пісталета «Аса»). Кіраўніцтва холдынгу пагадзілася. Спачатку Фамін абяцаў плаціць не менш за 400 долараў кожны квартал, потым сумы мяняліся.

Грошы звычайна забіраў у Фаміна Кіскін і 25% ад сумы перадаваў Бурскаму. Як тлумачыў сам Бурскі на адным з допытаў, яны размеркавалі такім чынам долі, бо «Кіскін больш рызыкаваў».

Вячаслаў Бурскі і Уладзімір Кіскін у судзе. Фота belsat.eu

У лютым 2019 года Аляксандр Лукашэнка, каментуючы справу супраць кіраўніцтва «БелОМА», адзначыў, што яны «прыніжалі цану на тавар», які ішоў на экспарт, а розніцу «клалі сабе ў кішэню». Але насамрэч Бурскаму і Фаміну не інкрымінуюць штучнае заніжэнне сумы экспартных кантрактаў, у матэрыялах справы пра гэта нічога няма. Кіраўнік «Аптыпрам-ІТ» перадаваў грошы Бурскаму і Кіскіну за садзейнічанне: паскарэнне паставак, аператыўнае вырашэнне праблем пры вытворчасці дэталяў і г.д. «Гэта ўсё ўваходзіла ў выкананне маіх функцыйных абавязкаў», – адзначаў Бурскі. Менавіта таму гендырэктар не лічыў гэта хабарам.

«Калі я браў грошы, я ўспрымаў гэта як падарункі. Цяпер я ўсвядоміў, што гэта хабар, следчы мне патлумачыў», – адзначыў Бурскі на судзе.

Бурскага арыштавалі ў канцы студзеня 2019 года. Кіскін тады вярнуўся з Масквы, дзе чарговы раз атрымаў хабар ад Фаміна. Доля Бурскага складала 20 тысяч расейскіх рублёў, якія сам Кіскін і абмяняў на долары – атрымалася роўна $ 299. Кіскін перадаў гендырэктару гэтую суму ў ягоным кабінеце.

«Грошы я паклаў у кішэню штаноў. Далей мы пяць хвілінаў размаўлялі на працоўныя тэмы і Кіскін сышоў. Пасля гэтага ў мой кабінет зайшлі працаўнікі КДБ і заявілі, што я затрыманы па падазрэнні ў атрыманні хабару. Мне прапанавалі выдаць незаконна атрыманыя сродкі і я аддаў 299 долараў», – распавядаў Бурскі.

Арыштавалі Бурскага ў той момант, калі ён збіраўся сыходзіць на пенсію – ва ўрадзе і адміністрацыі Лукашэнкі ўжо ўзгаднілі кандыдатуру ягонага пераемніка. Ён правёў два месяцы ў СІЗА, потым меру стрымання змянілі на хатні арышт.

«Я прапрацаваў 48 гадоў на прадпрыемстве. Прайшоў вялікі шлях, апошнія 27 гадоў па 12 гадзінаў у содні працаваў і вось здзейсніў такое… Ганьбу перажыць складана», – заявіў ён у судзе.

На адным з допытаў у КДБ (адпаведны пратакол зачытали на працэсе) Бурскі так патлумачыў, чаму браў хабары:

«Дурням быў. Толькі гэтым магу патлумачыць свае дзеянні».

Вячеслаў Бурскі на судзе. Фота – belsat.eu

Бурскі папрасіў суд улічыць ягоныя заслугі на службе ў холдынгу, ягонае раскаянне і кепскі стан здароўя, і не выкарыстоўваць да яго меру пакарання, звязаную з пазбаўленнем волі.

Абодва падсудных пенсіянеры. Бурскаму – 73 гады, Кіскіну – 72.

  • Бурскі ўзначальваў «БелОМА» з 1992 года, кар’еру пачаў яшчэ ў 1970-ыя інжынерам, працаваў галоўным тэхнолагам, галоўным інжынерам на «БелОМА». Доктар тэхналагічных навук, прафесар.
  • Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне спецыялізуецца на распрацоўцы і выпуску оптыка-электронных, лазерных і оптыка-механічных прыладаў, у тым ліку падвойнага прызначэння. У савецкія часы прадпрыемствы холдынгу займаліся выключна абароннымі заказамі, падпарадкоўваліся Мінабароны. Пасля распаду СССР прадпрыемству прыйшлося пераарыентавацца ў тым ліку на выпуск цывільнай прадукцыі.
Hавiны
Год «справе медыкаў»: куды зніклі мільены долараў і дзе фігуранты?
2019.06.28 15:15

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў