Год «справе медыкаў»: куды зніклі мільены долараў і дзе фігуранты?


Летам 2018 года ў Беларусі КДБ абвясціў пра выкрыццё маштабнай карупцыйнай схемы, звязанай з закупамі медычнага абсталявання. У СМІ яна атрымала назву «справа медычных функцыянераў» або «справа медыкаў». Цягам года адбыўся шэраг судовых працэсаў, але лёс часткі фігурантаў справы застаецца невядомым, як і сутнасць карупцыйнай схемы, што прыводзіла да істотнага завышэння коштаў лекаў і абсталявання.

Што казалі ў КДБ?

Арышты па «справе медычных функцыянераў» пачаліся яшчэ вясной. Аднак праваахоўныя органы ўпершыню выступілі з афіцыйнымі каментарамі па тэме толькі 25 чэрвеня 2018 года.

Старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык распавёў тады, што ўсяго за хабарніцтва і ўхілення ад выплаты падаткаў «затрыманыя, заключаныя пад варту, а таксама ўжытыя іншыя меры стрымання ў дачыненні да 33 службовых асобаў. А ўсяго па справе праходзіць больш за 50 чалавек. Паводле следства, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз, грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Гон-Конгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР. Карупцыйныя схемы прыводзілі да таго, што «кошт і лекаў, і абсталявання завышалася на 10-60%, у асобных выпадках на 100%», казаў Вакульчык.

«На хабары без перабольшання сыходзілі мільёны долараў ЗША. У выніку ператрусаў, добраахвотнага пакрыцця шкоды, вяртання незаконна атрыманых сродкаў у даход дзяржавы паступіла ўжо больш як $ 15 млн», – адзначыў тады кіраўнік КДБ.

КДБ распавёў, што падчас ператрусаў у медычных функцыянераў знаходзілі буйныя сумы грошаў:

  • у генеральнага дырэктара «Белмедтэхніка» Аляксандра Шарака ў тайніку выяўлена больш за $ 620 тыс;
  • у дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандра Бялецкага каля $ 500 тыс;
  • у галоўнага лекара 1-й гарадской клінічнай бальніцы Менску Алега Фаміна – каля $ 140 тыс.

Па стане на студзень 2019 года паведамлялася: Камітэт дзяржаўнай бяспекі вядзе папярэдняе следства па 4 крымінальных справах, у рамках якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сістэмы аховы здароўя і 63 асобы – бізнесоўцы, кіраўнікі і работнікі камерцыйных структураў.

Каго асудзілі?

Пракурор Юры Шарснёў. Фота Belsat.eu

У студзені 2019 года пачаліся першыя судовыя працэсы па «справе медычных функцыянераў». Агулам са студзеня па чэрвень сталі вядомыя наступныя выракі:

– намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі6 гадоў пазбаўлення волі;

– начальнік ваенна-медычнага ўпраўлення Мінабароны Аляксей Яськоў – 9 гадоў;

– начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак – 7,5 гадоў пазбаўлення волі;

– дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, акадэмік Аляксандр Бялецкі – 7,5 гадоў;

– галоўны доктара 12-ай гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Уладзімір Краўчонак – 5 гадоў;

– загадчык эндаскапічнага аддзялення 9-й гарадской клінічнай бальніцы Менска Андрэй Саўчанка – 2,5 года;

– галоўны ўрач Менскай абласной бальніцы Андрэй Каралько – 4 года;

– галоўны ўрач 1-й гарадской клінічнай бальніцы Алег Фамін – 4 года;

– галоўны ўрача 9-й бальніцы Валерый Кушнярэнка – 5 гадоў калоніі;

– намеснік галоўнага ўрача медцэнтра МТЗ Сяргей Семяжона – 7,5 года;

– галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтру медычнай рэабілітацыі і бальнеалячэння Сяргей Карыцька – 2,5 года «хатняй хіміі».

Hавiны
«Шкадую, што не здолеў устрымацца ад спакусы». Як медычныя функцыянеры бралі хабары на дзясяткі тысяч долараў
2019.01.11 13:58

Дзе астатнія фігуранты?

Просты падлік прыводзіць нас да высновы, што з 30 чыноўнікаў, што праходзілі па справе, асуджана толькі кала траціны. На гэтым тыдні намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук расказаў пра новы працэс па «справе медыкаў», дзе на лаве падсудных апынецца 21 абвінавачаны. З іх 8 – чыноўнікі, прадстаўнікі сістэмы аховы здароўя.

Паводле TUT.by, у межах гэтага судовага працэсу абвінавачванне высунутае дырэктару Цэнтра экспертызаў і выпрабаванняў аховы здароўя Аляксандру Сталярова, генеральнаму дырэктару «Белфармацыі» Вячаславу Гніцію, ягонаму намесніку, кіраўнікам абласных аддзяленняў і прадстаўнікам бізнесу.

У судзе над Ласіцкім

Калі адбудуцца суды над астатнімі фігурантамі справы – не паведамляецца. Таксама невядома, колькі чалавек застаюцца пад вартаю. Адзначым, што яшчэ летась у жніўні ў КДБ заявілі, што частка фігурантаў справы была вызваленая з-пад варты «ў сувязі з завяршэннем з шэрагам абвінавачаных асноўных следчых дзеянняў, іх дзейным раскаяннем і супрацай са следствам».

На дадзены момант, напрыклад, невядомы лёс генеральнага дырэктара «Белмедтэхніка» Аляксандра Шарака, у якога падчас ператрусу была выяўлена больш за $ 620 тыс. На сайце «Белмедтэхнікі» ягонага прозвішча ў спісе кіраўніцтва няма. У прыёмнай прадпрыемства belsat.eu сказалі, што не ведаюць, дзе цяпер знаходзіцца былы дырэктар і ці магчыма з ім звязацца.

Hавiны
Лукашэнка зноў казаў пра карупцыю ў сістэме аховы здароўя. Галоўныя заявы
2018.09.11 15:58

Дзе грошы?

КДБ летам 2018 года казаў пра хабары ў $ 350 тыс за адзін раз і пра $ 15 млн карупцыйных грошаў, што былі канфіскаваныя падчас ператрусаў або добраахвотна кампенсаваныя абвінавачванымі. Аднак у межах судоў, што ўжо адбыліся, такія буйныя сумы нават блізка не фігуравалі. Напрыклад, паводле следства, агулам намеснік міністра Ласіцкі атрымаў хабараў толькі на суму $23,5 тыс. Экс-кіраўнік сістэмы аховы здароўя Гарадзеншчыны Стрыжак – $ 37 тыс.

У дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандра Бялецкага канфіскавалі амаль $ 500 тыс. Аднак на судзе фігуравалі хабары толькі на сумы ў 4 тысячы еўра і 3 тысячы долараў. Што тычацца паўмільёна долараў, то гэтыя грошы нібыта не былі звязаныя з прафесійнай дзейнасцю – паводле Белецкага, іх яму пазычылі заможныя сябры. Адзін з такіх сяброў – алігарх Аляксандр Шакуцін.

ВІДЭА
СМІ: КДБ затрымаў Сяргея Шакуціна
2018.07.10 19:40

Аналагічныя сітуацыя назіралася ў справе галоўнага лекара 1-й гарадской клінічнай бальніцы Менску Алега Фаміна: падчас ператрусу ў медыка знайшлі $ 140 тысяч, але судзілі за хабары на суму каля трох тысяч долараў.

Аб’ектыў
«Справа медыкаў». Хабар на ўсялякі выпадак
2019.01.24 21:09

У чым была сутнасць карупцыйнай схемы?

Калі Вакульчык распавядаў пра акалічнасці «справы медыкаў», то адмыслова падкрэсліваў: у выніку карупцыі «кошт і лекаў, і абсталявання завышалася на 10-60%, у асобных выпадках на 100%». Аднак падчас судоў наўпроставая ўзаемасувязь паміж хабарамі і цэнамі не прасочвалася.

Чыноўнікаў не вінавацілі ў тым, што яны заключалі нявыгадныя кантракты і за хабары аддавалі перавагу кампаніям, што прапаноўвалі завышаныя кошты на абсталяванне. Калі верыць падсудным, на тэндарах усе роўна перамагалі фірмы, што прапаноўвалі найбольш выгадныя ўмовы і найбольш якаснае абсталяванне. Адваротнае бок абвінавачванне нават не імкнуўся даказаць.

Характэрна, што чыноўнікаў судзілі менавіта за хабарніцтва, але не за перавышэнне або злоўжыванне паўнамоцтвамі. Таму суды па «справе медыкаў» пакуль не далі адказу на пытанне, хто вінаваты ў высокіх коштах на лекі і абсталяванне.

Hавiны
«Усе ўсё разумелі». У судзе над топ-чыноўнікам распавялі пра сістэму «адкатаў» у сферы аховы здароўя
2019.01.10 15:09

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў