«Я нікога не выганяла за забастоўку». Дырэктарка лідскай школы – пра звальненне настаўніцы


Ірына Трэмбач, дырэктарка лідскай сярэдняй школы № 6, папрасіла Belsat.eu апублікаваць ейны погляд на сітуацыю з настаўніцаю Марынай Астрэйкай, якая разам з калегамі выходзіла на страйк у школьным двары.

Нядаўна мы апублікавалі аповед настаўніцы з Ліды пра тое, што з ёй не працягнулі працоўную дамову пасля таго, як яна разам з яшчэ трыма калегамі абвесціла забастоўку ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання і таго, што пачало адбывацца ў Беларусі пасля выбараў прэзідэнта – гвалту з боку сілавікоў, затрыманняў, катаванняў у ІЧУ, незаконных прысудаў.

Інтэрв’ю
«Уся бюджэтная сфера ў Беларусі запэцканая брудам». Настаўніца з Ліды абвесціла забастоўку, і яе звольнілі
2020.08.26 19:49

Дырэктарка гэтай самай школы, у якой у панядзелак апошні раз выходзіць на працу Марына Астрэйка, Ірына Трэмбач, сцвярджае, што яна нікога не звальняла за палітычныя погляды, за забастоўку, і што спадарыня Марына загадзя ведала пра сканчэнне працоўнай дамовы.

«У школе №6 я працую з 15 ліпеня гэтага года. За гэты час я не змагла скласці нейкія адносіны з Марынай Фёдараўнай – ні кепскія, ні добрыя – у мяне проста не было часу з ёй добра пазнаёміцца, – распавяла спадарыня Ірына. – Але я ведаю, што папярэдні дырэктар разумеў, што ў наступным навучальным годзе не будзе нагрузкі для настаўніка геаграфіі, таму з Марынай Фёдараўнай заключылі працоўную дамову тэрмінам да 31 жніўня 2020 года. Яна пра гэта добра ведала».

Ірына Трэмбач падкрэсліла таксама, што з 2016 года Марына Астрэйка на пенсіі, а ў школу прыходзяць маладыя спецыялісты, ёсць настаўнікі, якім не хапае гадзінаў, але яны яшчэ не пенсійнага ўзросту, «сацыяльна не абароненыя», у адрозненні ад Марыны Астрэйка. Акрамя таго, настаўнікаў геаграфіі ўвогуле цяпер не так шмат у школах патрабуецца.

Шчыра кажучы
Праўладная назіральніца прыйшла ў студыю «Белсату» і распавяла, як фальсіфікаваліся выбары
2020.08.29 15:59

«Марына Фёдараўна разумела, што яна больш не будзе працаваць. Таму яна такая смелая цяпер, – кажа спадарыня Ірына. – Але хай будзе смелая. Хай будуць смелыя ўсе, хто працуюць. Я нікому рот не закрываю і нікому не забараняю выказваць сваю думку. Аднак нас некалі ў педвучылішчы вучылі, што калі ідзеш у клас, заходзіш у школу – пакінь усё дрэннае, што з табой здарылася, за дзвярыма. Дзеці не павінны бачыць, што ты хворы, што ў цябе грошай не хапае, што ў цябе бацькі хворыя. Яны не павінныя пра твае праблемы думаць. Дзеці павінны вучыцца, і пра гэта мы з Марынай Фёдараўнай дамовіліся. Яна кажа, што я яе выгнала са школы. Не, гэта не так. На жаль, мы ўсе становімся старымі, мы ўсе нават і памром. Аднак у старасці чалавек можа дазволіць сабе сядзець у хаце. Не павінен, але можа. Ён можа заняцца новай дзейнасцю. Вось Марына Фёдараўна знайшла сябе, напэўна, будзе блогерам, будзе вызначаць нейкія актуальныя пытанні нашага жыцця, будзе іх асвятляць, на жаль, можа ў ёй і карэспандэнт загінуў. Я не ведаю. Я да яе добра стаўлюся. І мне шкада, што так здарылася. Але нічога не паправіш, мы ўсе старэем, і мы ўсе будзем на пенсіі».

Hавiны
Бацькі забіраюць дзяцей са школы. У тым ліку праз ідэялогію
2020.08.29 15:57

Дырэктарка лідскай школы кажа, што ўся гэтая сітуацыя балюча адгукаецца ў ейным сэрцы, асабліва тое, што настаўнікаў абвінавачваюць у фальсіфікацыі выбараў.

«Мне цяжка і балюча глядзець, як сёння ўсе, і нават самі настаўнікі, тыкаюць пальцам на сваіх калег, – распавяла Ірына Трэмбач. – Дзеці глядзяць на настаўнікаў звысоку. Настаўнікаў уцерлі ў бруд. Настаўнікаў абылгалі. У Лідзе працавалі 72 выбарчыя камісіі. І толькі 24 з іх былі на базе школ. Якая фальсіфікацыя была зроблена меншасцю? 48 камісій не мелі дачынення да ўстановаў адукацыі. Як меншасць магла фальсіфікаваць? Як меншасць змагла стаць тым камянём спатыкнення, які раскалоў нашае грамадства на дзве часткі?»

Ірына Трэмбач кажа, што нехта даслаў ліст з пагрозамі ейнай дачцэ пасля публікацыі аповеду Марыны Астрэйка. Дырэктарка напісала заяву ў Лідскі РАУС, цяпер ідзе разбіральніцтва.

НА Belsat.eu

Стужка навінаў