Вызначана чарговая дата галасавання па Brexit у Парламенце Вялікай Брытаніі


Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй заявіла дэпутатам ад Кансерватыўнай партыі, што яна плануе правесці паўторнае галасаванне ў парламенце па пагадненні аб Brexit 13 лютага.

Пра гэта паведамляе Sky News са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

Першае галасаванне для прэмʼер-міністра было правальным. 432 дэпутата прагаласавалі супраць законапраекту пра Brexit. Падтрымалі дакумент ўсяго 202 парламентарыя.

Мэй заявіла, што хоча дамагчыся саступак, звязаных з мяжой з Паўночнай Ірландыяй, каб заручыцца падтрыманнем заканадаўцаў, якія выступаюць за Brexit, у яе ўласнай партыі і невялікай паўночнаірландскай партыі, якая падтрымлівае кіроўную кааліцыю.

Паводле дамоўленасцяў з Бруселем, Лондан павінен пакінуць Еўрапейскі звяз 29 сакавіка сёлета. Гэтае патрабаванне не залежыць, ці ўхваліць парламент Вялікай Брытаніі дасягнутыя дамоўленасці.

Калі ж угода не будзе прынятая, Лондан выйдзе з Еўразвязу на ўмовах так званага «жорсткага Brexit».

«Руская рулетка – гэта гульня, у якую ніколі не варта гуляць, таму што шанцы таго, што ў галаву трапіць куля, роўныя аднаму да шасці», – адзначыў былы міністр фінансаў Вялікай Брытаніі Джордж Озбарн.

На думку экс-міністра, найбольш верагодным развіццём падзеяў з Brexit зʼяўляецца перанос тэрмінаў выхаду з ЕЗ.

Еўракамісія рыхтуецца да «жорсткага Brexit»

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары