Выстава «СМІ ў Беларусі»: шмат гучных песняў, ваенная тэматыка і «пазітыўны парадак дня»


Выстава СМІ. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

З 2 да 4 траўня ў менскім НВЦ «Белэкспа» праходзіць XXIII міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі». Сёлета на ёй упершыню прэзентаваны стэнд Беларускай асацыяцыі журналістаў. Карэспандэнтка Belsat.eu пабывала на адкрыцці ды распавядае свае ўражанні.

Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Усяго ў выставе бяруць удзел больш за 50 медыяў – тут не толькі агульнанацыянальныя выданні і тэлеканалы, але шмат абласных і раённых газет, прэс-службы розных ведамстваў (у тым ліку МУС і Мінабароны), стэнды выдавецтваў і журфаку БДУ. Акрамя беларускіх СМІ, прысутнічаюць удзельнікі з Расеі, Кітаю, Украіны, Казахстана і іншых краін.

На ўрачыстым адкрыцці міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч заявіў, што кожны журналіст павінен усведамляць сваю адказную місію, прытрымлівацца прафесіяналізму, аб’ектыўнасці і непрадузятасці. Апошняе, праўда, супярэчыць ягонаму ж пажаданню «прасоўваць пазітыўны парадак дня».

Афіцыйнае адкрыццё выставы. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Людзі, паверце, хочуць давяраць вам, а не сумнеўным рэсурсам ці то жоўтых, ці то чорных адценняў. Шчыра прадстаўляючы грамадству жыццё ва ўсёй яго разнастайнасці, не хаваючы праблем, нам трэба больш канцэнтравацца на прасоўванні пазітыўнага парадку дня», – сказаў Карлюкевіч, відавочна, звяртаюся да журналістаў дзяржаўных медыяў. Над натоўпам пракаціліся кволыя апладысменты.

Дзяўчат пасадзілі на стэнд «СБ» і далі ў рукі газету для пастановачнага здымку. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

На выставачнай пляцоўцы – вельмі гучная музыка, цяжка чуваць суразмоўцу. Больш за ўсё прасторы займаюць стэнды «СБ», БелТА, Белтэлерадыёкампаніі. Тут дзяўчаты з БРСМ у вышыванках заахвочваюць удзельнічаць у віктарынах, вядоўцы АНТ раздаюць аўтографы. Хаця ў праграме пазначаныя прэзентацыі тэлепраектаў, увагу адцягвае шум і мішура тэатралізаваных выступаў.

У якасці «сучасных тэхналогіяў» дзяржаўныя медыі паказваць робатаў і акуляры віртуальнай рэальнасці: іх з задавальненнем тэсцяць падлеткі, але ж ніхто не тлумачыць, якім чынам іх выкарыстоўваць у журналістыцы. Наагул, пра саму прафесію і новыя трэнды ў ёй тут амаль не распавядаюць. Затое адзін за адным танчаць дзіцячыя калектывы – маленькія гімнасткі ў бліскучых касцюмчыках пазіруюць для фота, узабраўшыся на стойку «СБ».

На стэндзе ведамасных выданняў МУС стаяць падобныя адзін да аднаго прыгожыя хлопцы ў камуфляжы. «Мы служым ва ўнутраных войсках, а сюды нас адабралі праз фотагенічнасць», – тлумачыць адзін з іх. Пад шклом стэнду – экспазіцыя архіўных дакументаў сілавых структураў, чамусьці шмат пропускаў у харчовыя «размеркавальнікі» для працаўнікоў пасляваеннага МГБ БССР. Побач – бліскуча-белы матацыкл «Yamaha», нядаўна набыты міліцыяй для спецпадраздзялення ДАІ «Страла», – хлопцы тлумачаць, што гэта «для пераследу парушальнікаў».

Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Яны ахвотна распавядаюць пра галоўную цікавостку – робат-разведчык, прызначаны для выяўлення і размініравання выбухоўкі. Гэтыя робаты польскай вытворчасці маюць дыстанцыйнае кіраванне, некалькі ўмантаваных камер і адмысловыя «клешчы», каб паднімаць падазроныя аб’екты.

– «Алмаз» мае іх на ўзбраенні вось ужо 8 гадоў: іх выкарыстоўвалі падчас аператыўных дзеянняў пасля выбуху ў менскім метро ў 2011-м, – тлумачыць мужчына ў форме.

Робат для размініравання. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»
Матацыкл выкарыстоўвае спецпадраздзяленне «Страла». Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Амаль усе стэнды рэгіянальных СМІ выкананыя ў адзіным стылі – яблыневыя кветкі, фота партызанаў, камуністычныя сцягі. Дзеці з бутаньеркамі, якія звычайна носяць у Беларусі на Дзень перамогі, пяюць папуры з савецкіх песен. «От Москвы до Бреста нет такого места…», – выводзіць хлопчык гадоў сямі ў пілотцы колеру хакі. «А помирать нам рановато», – падхоплівае ягоны равеснік у мешкаватай гімнасцёрцы з георгіеўскай стужкай. Бацькі захоплена здымаюць гэтае відовішча на тэлефоны.

Хлопчык з гергіеўскай стужкай на выставе СМІ. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Сёлета выстава тэматычная – праходзіць дзяржаўная акцыя «Беларусь памятае», прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў. Таму ў нас усё прысвечана гэтай тэме», – кажа прадстаўнік раёнкі «Патрыёт» з Ушачаў, дзе працуюць пяцёра карэспандэнтаў.

На нашае пытанне, ці не надакучыла журналістам штомесяц пісаць пра чарговую «слаўную дату», ён кажа, што не.

«Натуральна, мы намагаемся ўздымаць і мясцовую праблематыку, а не толькі паведамляць пра падзеі. Канешне, у асноўным нашую газету атрымліваюць у дзяржустановах па падпісцы або людзі старэйшага веку, але мне ўсё адно падаецца, што час друкаваных СМІ будзе цягнуцца яшчэ гадоў пятнаццаць. Газета – для вёсак часам адзіны спосаб пра нешта даведацца», – кажа ён.

Стэнд Віцебскай вобласці. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Праходзім далей і раптам патрапляем у абдымкі расчырванелага мужчыны сярэдніх гадоў у касцюме чырвонаармейца з «лейкаю» на шыі. «Хадзем, патанчым!», – ён хапае пад рукі і апантана цягне нас у бок стэнда СМІ Менскай вобласці.

Камуфлях, вайсковая форма, бутаньеркі, «партызанская прэса» – згадкамі пра вайну прасякнутая вялізарная частка экспазіцыі. Зразумела, што робіцца гэта па звычцы – за апошнія дзесяцігоддзі ніякай новай «аб’яднальнай» тэмы афіцыйная ідэалогія не прыдумала, і дзяржСМІ даводзіцца ў чарговы раз «запакоўваць» вайну ў святочную абгортку з раджанымі і дармавой салдацкай кашай.

Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Ля стэнду тэлеканала «БелРос» распаўсюджвалі аднайменны часопіс Саюзнай дзяржавы (дарэчы, ягоны тыраж – 15 тысяч асобнікаў), у «Камсамольскай праўды» – кнігі з пісьмамі Сталіна і архіўнымі дакументамі ВЧК за 59 рублёў. «Тут толькі факты, ніякіх ацэнак і ўсхваленняў!», – запэўнівае прадстаўніца «КП». Аднак на паліцы ніжэй заўважаем выданне «Спецаперацыя Крым-2014». «Гэтая кніга – свайго роду даніна ўдзячнасці расейскаму салдату», – гаворыцца ў анатацыі.

Стэнд «Камсамольская праўда». Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»
Андрэй Лазуткін прадстаўляе стэнд «Камуніст Беларусі». Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

На выставе СМІ быў прадстаўлены і ўкраінскі канал UATV, які ў сакавіку, пасля чатырохгадовых намаганняў, атрымаў дазвол на рэтрансляцыю ў Беларусі. З гэтага месяца яго транслююць ужо 14 аператараў. Пра гэта belsat.eu паведаміў начальнік аддзелу развіцця сетак UATV Мікола Шкарабан.

«З боку Украіны ніякіх перашкодаў не было, а з боку Беларусі – магчыма, тэхнічныя складанасці былі. Мы вельмі цешымся, што гэта нарэшце адбылося і мы сталі першым замежным навінавым каналам, які за апошнія гады ўвайшоў на беларускі тэлерынак», – сказаў Шкарабан. Пры гэтым, паводле ягоных словаў, у планах каналу пакуль няма адкрыцця карпункту ў Беларусі.

Мікола Шкарабан, начальнік аддзелу развіцця сетак UATV. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Адзіным жа месцам, дзе сёння гаварылі пра ролю незалежнай прэсы, стаў стэнд Беларускай асацыяцыі журналістаў. БАЖ упершыню за 23 гады бярэ ўдзел у выставе СМІ. Тут раздавалі спецвыпуск «Народнай Волі» і часопіс «Абажур, выступалі вядомыя журналісты, эксперты, галоўныя рэдактары «Нашай Нівы», «Салідарнасці» і «Еўрарадыё».

Стэнд БАЖ на XXIII міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі». Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Важна, што сёння гучаць не толькі хвалебныя песні, але і голас недзяржаўнай прэсы. Мы кажам пра набалелыя рэчы, з якімі сутыкаюцца ўсе журналісты, у тым ліку дзяржаўныя, але тыя часам баяцца прызнацца ў гэтым. Што датычыць самой выставы – яна больш падобная да карнавалу: тут і пажарныя, і вайскоўцы. Людзі прыходзяць сабраць сабе рознай друкаванай прэсы, пачытаць. Дык хай чытаюць «Народную Волю», мы раздалі ўжо каля тысячы экзэмпляраў», – распавёў прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі.

Барыс Гарэцкі. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

3 траўня БАЖ правядзе на сваім стэндзе брыфінг да Сусветнага дня свабоды прэсы, куды сярод іншага, запрасілі амбасадарку Вялікай Брытаніі Фіёну Гібб. Таксама цягам бліжэйшых двух дзён тут можна будзе паслухаць галоўных рэдактараў «Народнай Волі», TUT.BY і «Новага часу», атрымаць прававую кансультацыю ў галіне медыя і паўдзельнічаць у дыскусіі пра аб’ектыўнасць рэйтынгаў свабоды слова.

Яўген Булка раздае аўтографы. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары