Выпускныя экзамены ў школе могуць спалучыць з ЦТ


У Беларусі выпускныя іспыты ў школах могуць увязаць з цэнтралізаваным тэставаннем. Такім чынам плануюць зняць нагрузку з адзінаццацікласнікаў. Пра гэта 6 лютага на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі паведаміў кіраўнік ведамства Ігар Карпенка.

Мінадукацыі разам з настаўнікамі-практыкамі, метадыстамі-навукоўцамі прапрацоўвае магчымыя падыходы да змены формы выніковай атэстацыі.

«Думаю, што мы можам разгрузіць выпускнікоў 11-га класа, увязаўшы па форме і змесце выпускныя экзамены са здачай ЦТ. Але трэба ўсё ўважліва ўзважыць і вызначыць тэрміны, у якія мы можам увесці гэтыя новаўвядзенні», – сказаў міністр.

Падобную ініцыятыву Карпенка агучыў пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, якая была прысвечана нацыянальнай сістэме адукацыі. Пазней Ігар Карпенка ў эфіры «Беларусь-1» заявіў: «Сёння ў нас школьныя экзамены праходзяць у адной форме, а ўступная кампанія ў ВНУ ў іншай. Вядома, гэта стварае праблемы пры падрыхтоўцы. Таму мы разгледзім гэтае пытанне».

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў