Вынікі першага дня суда над Марынаю Золатавай. Максімальна каротка


Belsat.eu падсумоўвае вынікі першага дня судовага працэсу ў справе галоўнай рэдактаркі Tut.by Марыны Золатавай, якую вінавацяць у бяздзейнасці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК).

  • На першым паседжанні ў залі суда сабралася каля 150 чалавек. Галоўную рэдактарку TUT.by прыйшлі падтрымаць журналісты, праваабаронцы і актывісты. Марыну Золатаву прысутныя сустрэлі апладысментамі, зала ўстала. Грамадзянскія пазоўнікі, якія прадстаўляюць БелТА і выдавецкі дом «Беларусь сегодня» прасілі суд, каб працэс праходзіў за закрытымі дзвярамі, аднак суддзя хадатайства адхіліў.
  • Золатаву вінавацяць у тым, што з 3 студзеня 2017 года па 23 ліпеня 2018 года яна «наўмысна, з асабістай зацікаўленасці» не выконвала свае службовыя абавязкі. Галоўная рэдактарка, паводле дзяржабвінаваўцы, не перашкодзіла «неправамернаму выкарыстанню логіна і пароля» да платнай падпіскі БелТА, што рабілі супрацоўнікі рэдакцыі Уласік, Панцялеева, Ермачонак, Бабаед, Калтыгіна ды інш. Логіны і паролі, як сцвярджаецца, належалі выданням «Рэспубліка», «СБ-Беларусь сегодня» i ЗАТ «БелКП -Пресс». Паводле пракуроркі, «бачачы паўсядзённае незаконнае выкарыстанне» Золатава мусіла заключыць дамову аб доступе да платнай падпісцы БелТА, але не зрабіла гэтага, чым «дапусціла злачынства». Золатава сваю віну не прызнала: «Я лічу, што ў маіх дзеяннях няма складу злачынства».
  • Гендырэктарка БелТА Ірына Акуловіч заявіла на судзе, што настойвае на крымінальнай адказнасці Марыны Золатавай. Яна сцвярджае, што асноўныя наступствы несанкцыянаванага доступу – «недаатрыманыя плацяжы» за падпіску. Акрамя таго, нібыта пацярпела дзелавая рэпутацыя БелТА. Начальнік цэнтру сувязі агенцтва Віталь Галіноўскі сцвярджае: «зліваў пароляў» з БелТА быць не магло, але ён дапускае, што паролі мог перадаць «хтосьці з падпісантаў». У сваю чаргу намесніца галоўнага рэдактара Аксана Кірыльчык распавяла, што да 2019 года ў дамовах на платную падпіску не было прапісана, што кліентам БелТА забараняецца перадаваць логіны і паролі трэцім асобам. На судзе таксама стала вядома, што падпісантам агенцтва паролі доступу дасылаліся па факсу.

Працяг суду – заўтра а 10-й.

Hавiны
Суд над Марынай Золатавай. Галоўная рэдактарка TUT.BY віны не прызнае. Кіраўніца БелТА: Настойваю на крымінальнай адказнасці. ОНЛАЙН
2019.02.12 09:39

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў