Вынікі перамоваў Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы. Галоўнае


Belsat.eu тлумачыць, чым скончыліся шматгадзінныя перамовы ў Сочы, якія Аляксандр Лукашэнка анансаваў як «момант ісціны» у беларуска-расейскіх адносінах.

Галоўнымі тэмамі на перамовах у Сочы былі пытанні паставак у Беларусь газу і нафты. Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна пачалася 7 лютага каля 13:00. На працягу дня кіраўнікі Беларусі і Расеі правялі перамовы як тэт-а-тэт, так і ў пашыраным складзе – з удзелам прадстаўнікоў урадаў дзвюх краін (а ў перапынку Пуцін і Лукашэнка паспелі пагуляць у хакей). Каля 22:00 пра вынікі перамоваў журналістам распавёў намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расеі Дзмітрый Козак. Самі Пуцін і Лукашэнка заявы для прэсы рабіць не сталі.

Лукашэнка і Пуцін у Сочы.
Фота: president.gov.by

Як паведаміў Козак, бакі дамовіліся, што расейскі газ на працягу ўсяго 2020 года будзе пастаўляцца ў Беларусь на ўмовах 2019 году – гэта значыць $ 127 за тысячу кубаметраў. Такое рашэнне стала кампрамісам паміж першапачатковымі пазіцыямі Масквы і Менску.

Яшчэ з канца 2018 года Лукашэнка патрабаваў ад Расеі зніжкі на газ да ўзроўню Смаленскай вобласці. Як піша «Коммерсантъ», у ходзе ўчорашніх перамоваў у Сочы беларуская дэлегацыя на чале з Лукашэнкам настойвала на $ 100 за кубаметр, а адзін з членаў дэлегацыі «прамаўляў нават і лічбу $ 94».

Расейскае кіраўніцтва на працягу ўсяго 2019 года падкрэслівала, што без рашэння пытанняў саюзнага будаўніцтва (у тым ліку стварэння наднацыянальных органаў) Беларусь можа не разлічваць на тое, што атрымае кошт на газ на ўзроўні Смаленскай вобласці. Больш за тое, Крэмль планаваў у 2020-м павысіць кошт да $ 152 за тысячу куб. м. Як сцвярджае «Коммерсантъ», чальцы расейскай урадавай дэлегацыі перад перамовамі ў Сочы зыходзілі з таго, што Беларусь атрымае газ па цане $ 127 за тысячу кубаметраў толькі ў тым выпадку, калі Лукашэнка пагодзіцца падпісаць пакет інтэграцыйных пагадненняў. Аднак у выніку Лукашэнка атрымаў $ 127 за тысячу кубаметраў без «інтэграцыйнага пакету».

Лукашэнка ў Сочы.
Фота: president.gov.by

А вось дасягнуць пагаднення па нафце Пуцін і Лукашэнка не змаглі. Козак заявіў, што Масква будзе спрыяць дасягненню камерцыйных дамоўленасцяў паміж спажыўцамі ў Беларусі і расейскімі нафтавымі кампаніямі, аднак адміністрацыйна рэгуляваць кошты не збіраецца.

Нагадаем, Масква і Менск у канцы мінулага года не змаглі заключыць кантракты на пастаўкі нафты. Раней кошт нафты для Беларусі разлічваўся па формуле «рынкавы кошт + прэмія пастаўшчыкам». Аднак з улікам рэалізацыі Расеяй чарговага этапу падатковага манеўру кошт расейскай нафты для Беларусі вырас (паводле ацэнак «Белнафтахіму», цяпер цана складае каля 83% ад сусветнай). У гэтых умовах Менск палічыў старую нафтавую формулу несправядлівай і плаціць прэмію адмовіўся. Крэмль на саступкі Лукашэнку не пайшоў і з 1 студзеня 2020 года Расея спыніла падачу нафты на беларускія НПЗ, што прывяло да зніжэння загрузкі вытворчых магутнасцяў.

4 студзеня нафту на беларускія НПЗ пачалі пастаўляць кампаніі алігарха Міхаіла Гуцырыева, які сябруе з Лукашэнкам. Аднак Менск дагэтуль не дасягнуў дамоўленасцяў з асноўнымі расейскімі кампаніямі-пастаўшчыкамі («Роснефть», «Сургутнефтегаз», «Газпромнефть»), а кампаніі Гуцырыева, на думку экспертаў, здольныя паставіць Беларусі ў 2020 годзе толькі каля 3 мільёнаў тон нафты (пры тым, што беларускі бок планаваў закупіць 24-25 млн). У студзені ў Беларусь было пастаўлена толькі 500 тысяч тон расейскай нафты – адна чвэрць з таго, што планавалася.

Як адзначае «Коммерсантъ», у Сочы Пуціну было важней «не дамовіцца аб коштах на нафту, чым дамовіцца аб коштах на газ».

Меркаванні
Сочынская «каша»: ніякіх саступак без паглыблення інтэграцыі
2020.02.08 12:37

ІІ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў