Сочынская «каша»: ніякіх саступак без паглыблення інтэграцыі

Павел
Усаў

Расея павольна, але пэўна зацягвае інтэграцыйную пятлю на шыі Беларусі. Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы яшчэ раз паказала, што Масква вызначылася са стратэгіяй у дачыненні да Менску і планамерна яе рэалізоўвае. Універсальным інструментам ціску з’яўляюцца пастаўкі энергарэсурсаў, цэны на якія залежаць ад ступені набліжэння Беларусі да Расеі.

Галоўныя вынікі перамоваў у Сочы 7 лютага:

  • Цана на газ застаецца на ўзроўні 2019 году – 127 $ за 1 тыс. куб. м.
  • Новых дамоўленасцяў па пастаўках нафты бакі не дасягнулі
  • «Кансультацыі па інтэграцыі» будуць працягнутыя
Беларуска-расейскія перамовы ў Сочы 7 лютага 2020 года. Фота: Mikhail Klimentyev / TASS / Forum

З пачатку 2020 года Расея спыніла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ, чым паставіла пад сур’ёзны ўдар усю беларускую эканоміку. Варта адзначыць, што Расея пастаўляе ў Беларусь 18 млн. тон у год. Перапрацоўваючы і прадаючы нафтапрадукты, Беларусь атрымлівае парадку 1,2 млрд. долараў прыбытку. Танная расейская нафта робіць яе перапрацоўку выгаднай, адпаведна ўсталяванне рынкавай цаны цалкам мяняе ўсю канʼюнктуру.

Спробы беларускага кіраўніцтва ў тэрміновым рэжыме знайсці замену расейскай нафты ні да чаго не прывядуць і хутчэй носяць чыста палітычны характар з тым, каб прадэманстраваць Расеі здольнасць выжыць без яе паставак. Гэты традыцыйныя дзеянні, да якіх Менск ужо неаднаразова звяртаўся, тым не менш, дамаўляючыся з Венесуэлай, Азербайджанам і г.д.

У перапынку паміж перамовамі Лукашэнка і Пуцін гулялі ў хакей. Фота: Mikhail Klimentyev/Kremlin

Аднак радыкальным чынам гэта ні на што не ўплывала. Больш за тое, гэта не спрыяла сістэмным рэформам у эканоміцы і памяншэнню залежнасці ад Расеі. Неабходна выразна разумець, што жыццяздольнасць беларускай эканомікі залежыць менавіта ад танных паставак расейскіх вуглевадародаў, а гэта ў сваю чаргу патрабуе «інтэграцыйнага збліжэння».

Таму любыя геапалітычныя развароты, энергетычная дыверсіфікацыя патрабуюць радыкальных (ліберальных) змяненняў у эканамічных адносінах краіны. Відавочна, што Лукашэнка не гатовы да рэформаў, ён не здольны да радыкальных змен у геапалітычным становішчы краіны.

Мікалай Лукашэнка таксама быў у Сочы, але ў перамовах удзелу не прымаў. Фота: Mikhail Klimentyev / Kremlin

У сваю чаргу, у Крамлі добра разумеюць уразлівасць беларускай эканомікі і няздольнасць беларускага кіраўніцтва рэалізоўваць «новую эканамічную палітыку«, у тым ліку і па прычыне страчанага часу.

Перамовы ў Сочы яшчэ раз прадэманстравалі «жорсткую лінію» Масквы. Ніякіх саступак без паглыблення інтэграцыі.

Разам з тым, Расея не жадае поўнага абвалу беларускай эканомікі і, да прыкладу, пагадзіліся на пастаўкі газу па цэнах 2019 года, г.зн. 127 долараў за кубаметр. Хоць, як вядома, беларускі бок спадзяваўся на змяншэнне кошту, аж да 70 долараў, сцвярджаючы, што пераплачвае за пастаўкі. У сваю чаргу, зніжэнне цаны на газ Масква таксама ўвязвае з інтэграцыйным працэсам, як зрэшты пытанне далейшых паставак нафты. Трэба ўлічваць, што мяккая пазіцыя Крамля па газе звязаная з тым, што Беларусь плануе выкарыстаць яго выключна для ўласнага спажывання і не зарабляе на ім, як на нафце.

Мазырскі НПЗ. Фота: Vasily Fedosenko / Reuters

Гаворачы пра апошнюю сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі, варта звярнуць увагу на адзін кадравы нюанс. Справа ў тым, што пытаннямі перамоваў па энергарэсурсах з Беларуссю стаў займацца яшчэ адзін сілавік – Дзмітрый Козак, які з урада перайшоў на пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. У Сочы ён прыляцеў разам з Пуціным і галоўныя заявы па выніках перамоваў таксама былі зробленыя «намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта (!).

Усё гэта сведчыць аб тым, што адносіны з Беларуссю цалкам перайшлі на ўзровень адміністрацыйна-палітычны і на сімвалічным узроўні ператвараюцца ва ўнутрырасейскае пытанне. Больш за тое, Козак таксама вядзе перамовы з Украінай і верагодна на гэтым напрамку заменіць памочніка прэзідэнта Уладзіслава Суркова. Дзеянні Козака прывялі да паспяховага прасоўвання інтарэсаў Расеі ў Малдове, што выявілася ва ўмацаванні пазіцый прарасейскіх сілаў на чале з прэзідэнтам рэспублікі Ігарам Дадонам.

«Коммерсант»: Лукашэнка ў Сочы настойваў на цане $ 100 за тысячу кубаметраў

Фактычна, беларускі накірунак цалкам засяродзіўся ў руках сілавікоў і курыруецца намеснікам кіраўніка АП прэзідэнта Дзмітрыем Козакам, а таксама Міхаілам Бабічам – былым паслом РФ у Беларусі, а цяпер першым намеснікам міністра эканамічнага развіцця, які адказвае за ўзаемадзеянне з СНД і пытанні, звязаныя з Саюзнай дзяржавай Расеі і Беларусі. Такім чынам, усё паказвае на тое, што інтэграцыйны працэс ператвараецца ў свайго роду сілавую аперацыю.

Такім чынам, сочынская сустрэча прадэманстравала, што нягледзячы на пуцінскія гульні з Канстытуцыяй, інтэграванне Беларусі застаецца прыярытэтнай знешнепалітычнай задачай для Расеі.

Павел Усаў/ІР belsat.eu

Глядзі таксама

Больш матэрыялаў