«Коммерсант»: Лукашэнка ў Сочы настойваў на цане $ 100 за тысячу кубаметраў

Расейская дэлегацыя ў Сочы пайшла на кампраміс з Беларуссю ў пытанні цаны на газ, аднак для Уладзіміра Пуціна, імаверна, больш важна было не саступіць на перамовах з Лукашэнкам у нафтавым пытанні. Да гэтай высновы прыйшла газета «Коммерсант» у сваім рэпартажы пра беларуска-расейскія перамовы.

Выданне піша, што расейская ўрадавая дэлегацыя рыхтавалася да перамоваў у Сочы зыходзячы з прынцыповай пазіцыі: Беларусь зможа купляць у Расеі газ па цане $ 127 за тысячу куб. м. толькі ў тым выпадку, калі Лукашэнка пагадзіцца на падпісанне пакета інтэграцыйных дамоваў. Калі не, то Беларусі будуць прадаваць газ па цане $ 152 за тысячу куб. м.

«У адносінах да яго (Лукашэнкі – заўв. belsat.eu) нарэшце перасталі займацца дабрачыннасцю. Расейскія перагаворшчыкі, ні на што асабліва не разлічваючы, усё ж такі не выключалі, што Аляксандр Лукашэнка ў святле апошніх падзей зверне ўвагу на пакет інтэграцыйных дакументаў, у якім знаходзіцца і рашэнне праблемы газавых паставак у Беларусь», – піша выданне. Прычым «Коммерсант» дадае: Масква нібыта не збіралася прымушаць Лукашэнка да інтэграцыі: «усё роўна ж зразумела, што калі яна раптам і здарыцца, з такім чалавекам потым клопатаў не абярэшся і тысячу разоў пашкадуеш, што калісьці вырашыў трымацца да яго бліжэй».

Аднак, паводле выдання, Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка прынялі рашэнне па газе яшчэ ў першай палове дня падчас перамоваў сам-насам (нагадаем, расейская ўрадавая дэлегацыя прыляцела ў Сочы ў другой палове дня). У выніку Беларусь атрымала цану на расейскі газ у памеры $ 127 за тысячу кубаметраў без інтэграцыйнага пакета.

Агучыць вынік сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі даручылі намесніку Адміністрацыі прэзідэнта

Пры гэтым, паводле «Коммерсанта», «беларускія перагаворшчыкі на чале са сваім прэзідэнтам настойвалі на $ 100, і быў сярод іх адзін, які ўпэўнена прамаўляў нават і лічбу $ 94». А вось па цане на нафту Масква і Менск не дамовіліся.

«Ранішні пафас расейскіх перамоўнікаў разбіўся, здаецца, аб хакейныя борцікі ГЗЦ «Галактыка» (там кіраўнікі дзяржаваў гулялі ў хакей – заўв. belsat.eu), а таксама аб нейкія меркаванні самога спадара Пуціна. Якія ў яго, трэба спадзявацца, ёсць. Хутчэй за ўсё, для яго важней было проста не дамовіцца аб коштах на нафту, чым дамовіцца аб коштах на газ», – піша газета.

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама