У Столінскім раёне вяскоўцы патрабуюць ад уладаў пабудаваць мост праз раку


Каторы год жыхары вёскі ін, што ў Столінскім раёне на Берасцейшчыне, патрабуюць, каб іхнае паселішча і Давыд-Гарадок звязалі мастом. З вясны да восені праз раку Гарынь усталёўваюць пантонны мост. Але з прыходам зімы канструкцыю здымаюць. У выніку жыхарам даволі буйной вёскі, каб трапіць на працу, у больніцу, банк ці на пошту, прыходзіцца або рызыкаваць жыццём, пераходзячы раку па лёдзе, або дабірацца 10 кіламетраў па дарозе ў абыход ракі.

Наўпроставая дарога з Хорску ў Давыд-Гарадок знікла пасля таго, як на пачатку 1990-х было выкапана новае рэчышча магутнай ракі Гарынь. Рака працякае праз Давыд-Гарадок. Але праз непрадказальны характар і буйныя вясеннія разлівы, было вырашана змяніць галоўнае рэчышча і ўтаймаваць рэчку. І сапраўды, праблема з разлівамі была вырашана. Але для жыхароў Хорску, якіх у вёсцы больш за 500 чалавек, дабірацца ў Гарадок стала нашмат складаней. Раней з вёскі ў горад дарога складала каля кіламетру. Цяпер дарога, калі няма пантоннага мосту, складае каля 10 кіламетраў.

Мясцовыя ўлады абяцаюць кампенсаваць адсутнасць мосту праз раку штодзённымі аўтобуснымі рэйсамі. Старшыня Харомскага сельскага савету Анатоль Скрабец прызнаецца, што сродкаў на ўсталяванне сталай пераправы праз раку, няма. І ў бюджэце на гэта грошай не прадбачыцца.

Пантонны мост паміж Хорскам і Давыд-Гарадком

У інтэрнэце мясцовыя актывісты, супольна з кампаніяй #ЗаСвойГород распачалі збор подпісаў, каб усё ж праблема была вырашана.

«Значная частка жыхароў вёскі працуе ў Давыд-Гарадку. Установы аховы здароўя, адукацыі, абслугоўвання і сацыяльнай сферы таксама знаходзяцца ў горадзе – гэта паліклініка, аптэкі, банкі і інш. У многіх гараджанаў ёсць сваякі, сябры ў Хорску ці праца ў Хорской школе. Гэта значыць, што і гараджане наведваюць вёску. Штодня сотні людзей маюць неабходнасць у перасячэнні ракі. Аднак у зімовы перыяд пантонны мост прыбіраюць, і наўпроставы шлях паміж вёскай і горадам становіцца немагчымым», – каментуе сітуацыю адзін з ініцыятараў звароту Сяргей Мазан.

Пантонны мост прыбіраюць зімой, бо яго звычайна зносіць магутная плынь ракі і тады мост прыходзіцца лавіць ажно ў Прыпяці, у якую ўпадае Гарынь. Таму вяскоўцы, якім не пасуе расклад аўтобусу, што ходзіць раніцай, мусяць дабірацца ў горад па аб’яздной дарозе. Але калі прыходзяць моцныя маразы і рака апынаецца пад ільдом, людзі рызыкуюць і пераходзяць па лёдзе.

«Частка жыхароў штодня ў зімовы перыяд на свой страх і рызыку скарачаюць свой шлях і накіроўваюцца ў горад ці вёску па лёдзе. Мы лічым, што неабходна прыняць тэрміновыя меры для ўстанаўлення прамых зносін паміж Хорском і Давыд-Гарадком. Гэта павысіць якасць жыцця жыхароў як мінімум трох населеных пунктаў (Хорска, Туры, Давыд-Гарадка) »- каментуе сітуацыю кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі.

І сапраўды, мясцовыя жыхары прызнаюцца, што часта мусяць пераходзіць раку праз лёд. Зрэшты, гэта прыводзіць да трагічных выпадкаў.

«За апошнія гады тут патанула шмат людзей. Прынамсі жыцці чатырох вяскоўцаў забрала рака. Сярод іх і маладыя, і старыя. Людзі, якія вырашылі перайсці раку праз лёд, часта правальваюцца. Але рэдка хто ідзе сам. Таму ратуюць адзін-аднаго», – распавяла «Белсату» жыхарка вёскі Хорск Алена Новак.

Вяскоўцы пасля шматгадовых марных зваротаў да мясцовых уладаў, вырашылі звярнуцца ў абласны выканаўчы камітэт. Жыхары патрабуюць вылучыць у бягучым годзе сродкі з абласнога бюджэту для падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі і будаўніцтва падвеснага круглагадовага сталага моста праз Гарынь паміж вёскай Хорск і горадам Давыд-Гарадок.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў