Вядомыя спартоўцы выказваюцца ў падтрымку беларускіх пратэстаў


Галоўны трэнер маскоўскага ЦСКА Віктар Ганчарэнка, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі баскетболу Ягор Мешчаракоў і лёгкаатлетка Эльвіра Герман выказаліся наконт пратэстаў у Беларусі.

Беларускі трэнер Віктар Ганчарэнка, які ў 2007-2013 гадах узначальваў БАТЭ, назваў недапушчальным тое, што цяпер адбываецца ў краіне.«Рэзка супраць таго, каб білі наш мірны, выдатны беларускі народ. Міліцыя, АМАП і армія павінны абараняць народ, а не збіваць яго. Падтрымліваю патрабаванні сумленнага падліку галасоў на выбарах», – цытуе трэнера pressball.by.

Ганчарэнка прызнаецца, што спрабаваў прагаласаваць на ўчастку ў амбасадзе Беларусі ў Маскве, але чарга была такая вялікая і настолькі павольна рухалася, што шмат людзей не змаглі аддаць свой голас.

Мітинг у Гродно. 15 серпня 2020 р. Фото: Василь Молчанов / «Белсат»

Адзін з найлепшых у мінулым баскетбалістаў Беларусі Ягор Мешчаракоў выклаў у сацсетках пост з акцыі пратэсту каля метро «Пушкінская» і заклікаў спартоўцаў не маўчаць. «Асабіста я больш не магу глядзець, як нашых дзяцей, сваякоў і простых грамадзянаў зневажаюць, б’юць і прымаюць за, прабачце, быдла. Сёння не можа быць «палавіністай» пазіцыі па актуальных пытаннях, «мая хата з краю» таксама не пракоціць… 26 гадоў ужо прайшло… Вы хочаце пачакаць яшчэ пакуль не ўбачыце раны і сінякі ў сваіх блізкіх? МЫ ЎЖО ПРАЙШЛІ кропку незвароту, НАЦЫЯ СТАЛА ІНШАЙ ЗА ГЭТЫЯ ДНІ!» – піша ён.

Мітынг у Горадні. 15 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Вядомая беларуская лёгкаатлетка Эльвіра Герман таксама выказалася супраць гвалту.«Беларусы – вы найлепшыя! Вы мірныя, сумленныя і справядлівыя! Я ганаруся тым, што на працягу ўжо 7 год маю магчымасць прадстаўляць беларускі народ на міжнароднай арэне. Цяпер у мяне разрываецца сэрца ад таго, што я чытаю і чую ад людзей, затрыманых і тых, хто сядзеў на Акрэсціна і ў Жодзіна. Мне страшна за людзей. Мне страшна за спартоўцаў, якія таксама трапляліся ў рукі сілавікоў. Беларусы, я з вамі. Я патрабую спыніць гвалт і сумленна палічыць галасы кожнага! Разам – мы сіла!» – піша яна на сваёй старонцы ў сацсетках.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў