«Вы ўсведамляеце сваю віну?» У Менску затрымалі жанчыну за надпіс «Пуцін» на туалетным ёршыку


Газета адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі «СБ. Беларусь сегодня» выклала відэа апытання іншадумцаў, затрыманых у Менску 23 студзеня. Гэтыя відэаролікі здымаліся ў пастарунках міліцыянтамі.

У газеце «СБ. Беларусь сегодня» ўчора ўвечары апублікавалі артыкул прапагандысткі Людмілы Гладкай, прысвечаны суботнім пратэстам у Менску. У артыкуле на сайце быў выкладзены шэраг відэаролікаў, дзе міліцыянты апытваюць затрыманых. З гэтых апытанняў можна зразумець, што было падставаю для пераследу менчукоў.

Напрыклад, маці чацвярых дзяцей Святлана Вольская кажа, што яе затрымалі за «суперажыванне палітычнаму вязню Ігару Лосіку». «Я напісала плакат і шпацыравала з ім па вуліцы», – распавядае яна. На відэа ў сеціве жанчыну прымушаюць назваць сваё месца жыхарства і рэгістрацыі. Пры гэтым міліцыянт ігнаруе просьбу жанчыны назваць сваё імя.

30-гадовую Таццяну Чарвякову затрымалі за «суправаджэнне хлопца, які паставіў ёршыкі з надпісам «Пуцін» каля амбасады Расеі».

«Вы ўсведамляеце сваю віну ці не разумееце, што вы здзейснілі? – пытае яе міліцыянт на відэа. – Вы напісалі на прадмеце прозвішча. Чыё гэта прозвішча?.. То бок вы ўсведамлялі, што прыйшлі да амбасады і напісалі прозвішча прэзідэнта РФ. Ці прызнаеце сваю віну?»

З відэа вынікае, што аднаго з іншадумцаў затрымалі за сцяг у сваёй кватэры.

«Мяне затрымалі на Гарадскім вале. Я быў удома, я вывесіў за акно сцяг», – кажа мянчук Максім.

Яшчэ двух чалавек затрымалі за тое, што «стаялі каля дарогі са сцягам».

23 студзеня ў розных пунктах Менску і ў іншых гарадах краіны прайшлі акцыі салідарнасці з палітычнымі вязнямі. Удзельнікаў затрымлівалі сілавікі. У спісе праваабарончага цэнтру «Вясна» – 131 прозвішча дэманстрантаў, затрыманых у Менску. Валанцёры суполкі «Списки задержанных» публікуюць імёны 156 асобаў.

Абноўлена
У Беларусі праходзяць дваравыя маршы і акцыі салідарнасці. Хроніка дня
2021.01.23 11:44

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў