Віцэ-місіс свету плюс-сайз 2019: «Гэта перамога кожнай дзяўчыны ў прынцыпе»


Гамяльчанцы Наталлі Калеснікавай 35 год. Жонка, маці дваіх дзяцей ды бізнэс-вумэн, яна ніколі не падумала б, што яе жыццё настолькі зменіцца фактычна за адзін момант. Нечакана нават для сябе Наталля атрымала тытул віцэ-місіс свету плюс-сайз на конкурсе прыгажосці, які прайшоў на мінулых выходных ва Украіне.

Справка
5-9 лістапада 2019 года ва Украіне адбыўся міжнародны конкурс прыгажосці сярод дзяўчат памеру plus size «Miss Top of the world plus size-2019». У конкурсе бралі ўдзел дзяўчаты з Індыі, Сінгапура, Бразіліі, Сурынама, Латвіі, Нідэрландаў, Беларусі і Украіны.

– Я чытала стужку фэйсбука і заўважыла абвестку пра тое, што ў Беларусі шукаюць прыгажунь пышных формаў, – распавядае пра тое, як усё пачыналася, Наталля. – З цікаўнасці спампавала анкету: там былі такія пытанні як рост, вага, невялічкая самапрэзентацыя і меркі. Улічваючы, што я нядаўна пасля родаў і меркі свае я не ведала – вырашыла, што калі раптам знайду чым памераць – то дашлю анкету. Па іроніі лёсу заўважыла, што сантыметр ляжыць побач.

Жанчына адказала на ўсе неабходныя пытанні і даслала анкету, асабліва ні на што не спадзяваючыся.

Наталля Калеснікава. Фота belsat.eu

– Прыходзіць муж – я стаю ўсміхаюся, – кажа Наталляю. – Распавяла яму пра тое, што запоўніла анкету, а ён кажа «ты ў мяне прыгажуня, але з ростам 164 у цябе наўрад ці ёсць шанцы». Якое ж было наша агульнае здзіўленне, калі мне прыйшоў ліст з просьбай запоўніць яшчэ адну анкету. Я прачытала яе, патэліла мужу і кажу: «вось ты не верыў у мяне, казаў, што ў мяне няма шанцаў, а я прайшла!»

Наталля кажа, што з таго часу муж пачаў падтрымліваць ейны спантанны пачатак: нагадваў своечасова адказваць на лісты арганізатараў, браў на сябе хатнія клопаты, заняткі з дзецьмі, не бракавала і маральнай падтрымкі.

Удзельніцы конкурсы «Miss Top of the world plus size-2019». Фота Наталлі Калеснікавай

– Калі я атрымала ліст з запрашэннем на кастынг, то апынулася, што ёсць пэўны дрэс-код: з сабой трэба было мець чорныя штаны або ласіны, чорную майку і туфлі на высокіх абцасах. Але пытанне ў тым, што ў мяне ў гардэробе абсалютна не было нічога з гэтых рэчаў!

У кастынгу агулам удзельнічала 46 дзяўчат з розных куткоў Беларусі. Кожная з удзельніц мусіла прадставіць сябе і адказаць на некалькі пытанняў журы. Па словах Наталлі, каверзныя пытанні для кожнай дзяўчыны былі абсалютна ўнікальнымі.

Наталля Калеснікава, віцэ-місіс свету плюс-сайз 2019

– Пасля кастынгу выбралі дваццаць дзяўчат, для якіх кастрычнік стаў вельмі насычаным. Кожныя выходныя ў нас былі распісаныя цалкам: былі заняткі, трэнінгі з лепшымі педагогамі па дэфіле, выправе, курсы па паводзінах перад камерай, стратэгічны імідж. Па выніках кожнага такога ўік-энда былі адборы і колькасць удзельніц скарачалі ў палову. Калі засталася апошняя пяцёрка – пачалася падрыхтоўка беларускай каманды да сусветнага конкурсу.

Наталля фактычна жыла на два гарады, бо ўсе падрыхтоўчыя этапы адбываліся ў Менску:

– Я ўставала ў 5 раніцы, каб паспець на цягнік, з’язджала ў Менск, вярталася адтуль у 10, укладвала дзяцей спаць, сама клалася ў 2 і зноў уставала ў 6 раніцы, каб паспець на цягнік. Фактычна, за два тыдні падрыхтоўкі я толькі 2 дні была дома, але ў гэтыя дні давялося браць урокі румбы для творчага конкурсу.

Конкурс «Miss Top of the world plus size-2019». Фота Наталлі Калеснікавай

Сам конкурс Miss Top of the World Plus Size 2019 у гэтым годзе праходзіў ва Украіне. Пяць дзён дзяўчаты з розных куткоў свету змагаліся за тое, каб увайсці ў топ-5 і атрымаць карону.

– Конкурсная праграма была вельмі насычанай, – кажа Наталля. – Сняданкі, абеды, экскурсіі, візіты ў розныя цікавыя месцы, рэпетыцыі. Усё было распісана. Калі нас сабралі арганізатары – сказалі: дзяўчаты, не разлічвайце, што, напрыклад, на сняданак можна прыйсці як вам хочацца і рабіць тое, што вам хочацца. Гэта конкурс. І гэта конкурсныя сняданкі, на якія вы павінны ўстаць, апрануцца, нафарбавацца і прывесці сябе ў парадак. Такім чынам за дзень даводзілася пераапранацца шмат разоў, бо для кожнага этапу была свая вопратка. Таму перасоўваліся мы паўсюль з валізкамі.

Удзельніцы конкурсы «Miss Top of the world plus size-2019». Фота Наталлі Калеснікавай

Наталля распавядае, што канкураваць з іншымі ўдзельніцамі, сярод якіх былі прафесійныя мадэлі іксэль, спявачкі і танцоўшчыцы, было вельмі складана, бо дагэтуль у яе ніколі ў жыцці не было досведу ў мадэлінгу. Таму гэтая перамога была для жанчыны абсалютна нечаканай і вельмі прыемнай.

– Я магу сказаць: конкурс цалкам перагарнуў маё жыццё. Дагэтуль я ніколі не ўспрымала сурёзна індустрыю прыгажосці. У мяне заўжды першыя месцы займалі сям’я і праца, а на сябе ніколі не было часу. Сёння я ўстаю зранку, гляджу на сябе ў люстэрка, прысвячаю 5 хвілін сабе і для сябе. І насамрэч гэта класна.

Маё меркаванне, што гэтая перамога – гэта перамога кожнай дзяўчыны ў прынцыпе. Бо выхад мадэляў плюс-сайз на міжнародную арэну – гэта вялізнае дасягненне. Што такое плюс-сайз? Фактычна сёння ў ім разглядаюцца дзяўчаты 46 памеру. Кожная другая дзяўчына, якая сядае за стырно і пачынае вадзіць машыну – за першы месяц набірае 5 кг. І гэта ўжо 46 памер, калі браць студэнцкія формы. Гэта большасць жанчын, якія нарадзілі. Чаму мы павінны насіць балахоны, якія імкнецца навязаць такім дзяўчатам сённяшняя індустрыя?

Пасля гэтага конкурсу кожная жанчына проста абавязаная перагледзець свой гардэроб, знайсці для сябе тую самую сукенку, якую яна ніколі не вырашалася апрануць, бо лічыла, што не вартая гэтага, зрабіць сабе тую самую прычоску, макіяж, выйсці на вуліцу і адчуць сябе багіняй. Паверце, калі жанчыны пачнуць больш часу прысвячаць сабе і зразумеюць, што не трэба чагосьці чакаць і адкладваць сваё жыццё на потым – мы ўбачым больш людзей з усмешкамі, больш пазітыву, і больш упэўненасці ўва ўсіх нас.

За той кароткі час, які прайшоў пасля конкурсу, на Наталлю ўжо зваліўся шквал прапановаў па працы ў сферы прыгажосці.

– Але гэта прапановы з Еўропы. Нашы беларусы чамусьці не рэагуюць: ці то ў нас не развіты плюс-сайз, ці то гэта проста нікому не цікава, – здзіўляецца Наталля. – Але я пакуль не гатова пагадзіцца на працу ў мадэлінгу. Можна памяняць усё, калі цябе ў жыцці нешта не задавальняе. А мне ў маім жыцці ўсё падабаецца: я люблю сваю сям’ю, працу і не хачу нічога мяняць.

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў