Віктар Бабарыка: «Калі грошы знойдзены ў маіх сяброў, то я афіцыйна заяўляю: гэта мае грошы»


Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка сцвярджае, што грошы, якія былі знойдзены ў ягоных сяброў у межах «справы Белгазпрамбанку», належаць яму. Адпаведную заяву ён зрабіў падчас стрыму на YouTube.

Стрым распачаўся раней, чым было запланавана. Бабарыка патлумачыў гэта тым, што пасля апошніх заяваў уладаў ёсць падазрэнне, што затрыманні могуць працягнуцца і аб’ектам затрымання можа стаць ён асабіста.

Бабарыка заявіў, што ўсе свае грошы ён дэкларуе і сплочвае з іх падаткі.

«Учора затрымалі або апытвалі траіх маіх сяброў. Сёння мы даведаліся, што яны пераведзеныя ў статус падазраваных Калі грошы, пра якія казаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, знойдзены ў маіх сяброў, то я афіцыйна заяўляю: гэта мае грошы. У майго сябра Дзмітрыя ёсць дэпазіт 100 тысяч еўра, які я яго папрасіў пакласці, бо я банкір і не прывык усё захоўваць у адным кошыку. Мне трэба было рэсурс размяркоўваць, у тым ліку на выпадак непрадбачаных нейкіх дзеянняў. Калі раптам у майго сябра Уладзіміра выявілі грошы ў памеры 100 тысяч долараў, якія ў яго знаходзіліся ў ячэйцы, я зноў кажу: гэта мае грошы, я папрасіў яго захаваць іх. Калі ў яго ж былі выяўленыя каштоўныя паперы, аблігацыі на прадʼяўніка ў суме, здаецца, 250 тысяч еўра і 100 тысяч долараў – гэта мае аблігацыі.

Калі падставай для выстаўлення ім абвінавачвання зʼяўляюцца менавіта гэтыя грошы, я яшчэ раз хачу сказаць – здымайце абвінавачванні, гэта мае грошы. Я збіраўся іх адлюстроўваць у сваёй дэкларацыі. Я вельмі разлічваю, што яны будуць мне вернутыя», – заявіў Бабарыка.

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты адзначыў, што ўсе гэтыя каштоўныя паперы былі набытыя з легальных крыніцаў. А што тычацца золата і карцінаў, пра якія казаў Лукашэнка, то да гэтага сябры Бабарыкі дачынення не маюць. «Яны абсалютна сумленныя і прыстойныя людзі», – падкрэсліў ён.

Бабарыка падкрэсліў, што ён «дастаткова багаты чалавек і ніколі гэтага не хаваў», усе свае даходы ён дэклараваў і з іх выплачаны падатак.

«Я хачу, каб у Беларусі не было бедных, а не тое, каб была краіна, якая ненавідзіць багатых», – адзначыў ён.

Hавiны
Лукашэнка пра Бабарыку: «Вязнем сумлення мы яго не зробім»
2020.06.12 15:46
  • Раніцай 11 чэрвеня сілавікі прыйшлі з вобшукам у галоўны офіс «Белгазпрамбанку». Таксама ператрусы адбыліся ў офісах кампаніяў «ПрыватЛізінг», «Кампары» і «Кентаўр». ДФР КДК распачаў крымінальную справу паводле ч.2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч.2 арт. 335 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры». У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць топ-менеджары банку, а таксама прадстаўнікі камерцыйных структураў. Віктара Бабарыкі, які кіраваў «Белгазпрамбанкам» 20 гадоў, сярод іх няма, адзначылі ў КДК 11 чэрвеня. Агулаам у межах «справы Белгазпрамбанку» былі затрыманыя 15 чалавек.
  • 12 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Віктара Бабарыка датычны да злачыннай дзейнасці топ-менеджараў «Белгазпрамбанку». Старшыня КДК Іван Церцель распавёў, што «фактычна на базе банку імі была створана арганізаваная злачынная група, якая ажыццяўляла вывад грашовых сродкаў на тэрыторыі замежных дзяржаваў». У адказ на пытанне журналістаў, ці датычны да гэтага Віктар Бабарыка, Церцель адзначыў: «Не магу сабе ўявіць, што тое, што рабілася ў банку намеснікамі, магло быць невядома кіраўніку. Магу пацвердзіць, што ў цяперашні час у нас маюцца пераканаўчыя доказы яго датычнасці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасці». Паводле КДК, падчас следчых дзеянняў былі канфіскаваныя вялікія сумы грошай – у тым ліку больш за $ 4 млн і каштоўныя паперы на суму звыш $ 500 тыс.
  • Віктар Бабарыка заявіў, што ператрусы і крымінальная справа – гэта ціск на яго і палітычная замова. Патэнцыйны кандыдат распавёў, што вобшукі адбываюцца ў ягоных сябраў і былых калегаў, і такім чынам улады хочуць сфармаваць у яго «комплекс віны».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў