Лукашэнка пра Бабарыку: «Вязнем сумлення мы яго не зробім»


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не збіраецца цяпер саджаць Віктара Бабарыку і хоча, каб той «трапіў на выбары».

Падчас наведвання Полацку Лукашэнка пракаментаваў «справу Белагазпрамбанку» і паведаміў, што затрыманыя 15 чалавек. Кіраўнік дзяржавы не называў імя Віктара Бабарыкі, але даў зразумець, што гаворка ідзе пра патэнцыйнага кандыдата, які мае дачыненне да дзейнасці «Белгазпрамбанку».

«І я хачу, каб ён трапіў на выбары. Каб ён прыйшоў і расказаў, адкуль уласнасць на Кіпры, як пры такой «лукашэнкаўскай дыктатуры» ён стварыў гэтую ўласнасць, як ён хабару даваў, дзяліў грошы, чаму замежны банк гэтым займаўся… гэта ўсё трэба распавесці беларусам. І яны няхай потым вызначацца. Але вязнем сумлення мы яго не зробім», – цытуе яго БелТА.

Лукашэнка заявіў, што ў дадзеным выпадку па выніках расследавання будзе запрошаны Інтэрпол і замежныя спецыялісты, каб яны прааналізавалі дакументы. «Расейцаў, амерыканцаў, еўрапейцаў, і аддам ім дакументы. І хай яны зробяць высновы на адпаведнасць дзеянняў праваахоўных органаў нашым законам. І будуць адказваць па законе. Трэба – сядуць. Перад законам усе роўныя», – адзначыў Лукашэнка.

«Вы не думайце, што там з боку Лукашэнкі нейкі накат. Ніякага накату няма. Мне гэта цяпер і не трэба было», – запэўніў ён.

Лукашэнка дадаў, што папрасіў аднаго з чальцоў ураду (імя ён не назваў) сказаць згаданаму чалавеку (імаверна, Бабарыку): «Праўда і толькі праўда! Другое – усё, што скраў, вярні народу. Можа быць, суд гэта ўлічыць».

«А старшыні КДК, які займаецца гэтым пытаннем, я даручыў, каб ён народу ўсё выклаў, распавёў што ёсць. Каб яны не думалі, што тут ідзе нейкі штучны накат. Нам ён не патрэбны», – рэзюмаваў Лукашэнка.

Hавiны
Віктар Бабарыка пра ператрусы: «Гэта ціск на мяне»
2020.06.11 11:49
  • Раніцай 11 чэрвеня сілавікі прыйшлі з вобшукам у галоўны офіс «Белгазпрамбанку». Таксама ператрусы адбыліся ў офісах кампаніяў «ПрыватЛізінг», «Кампары» і «Кентаўр». ДФР КДК распачаў крымінальную справу паводле ч.2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч.2 арт. 335 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры». У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць топ-менеджары банку, а таксама прадстаўнікі камерцыйных структураў. Віктара Бабарыкі, які кіраваў «Белгазпрамбанкам» 20 гадоў, сярод іх няма, адзначылі ў КДК 11 чэрвеня.
  • Віктар Бабарыка заявіў, што ператрусы і крымінальная справа – гэта ціск на яго і палітычная замова. Патэнцыйны кандыдат распавёў, што вобшукі адбываюцца ў ягоных сябраў і былых калегаў, і такім чынам улады хочуць сфармаваць у яго «комплекс віны».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў