Віктар Бабарыка і ягоны сын дастаўлены ў ДФР. Да іх не пускаюць адвакатаў


Афіцыйны тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі паведамляе, што патэнцыйны кандыдат і ягоны сын Эдуард не выходзяць на сувязь з раніцы 18 чэрвеня. Паводле СМІ, яны дастаўлены ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК, а ў доме патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты адбываецца ператрус.

Раніцай блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал «Папаратар» распаўсюдзіў інфармацыю, што Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард дастаўлены ў ДФР КДК для правядзення следчых дзеянняў у межах справы «Белгазпрамбанку».

У прэс-службе Віктара Бабарыкі паведамілі belsat.eu, што пакуль не валодаюць інфармацыяй на гэты конт. У прэс-службе КДК на званкі не адказваюць.

ДФР КДК. Фота – Арцём Лява / Belsat.eu

Каля 10:24 афіцыйны тэлеграм-канал патэнцыйнага кандыдата паведаміў:

«Сёння раніцай Эдуард і Віктар паехалі здаваць чарговую частку подпісаў сабраных вамі. Цяпер яны не выходзяць на сувязь, тэлефоны не даступныя. ДФР дзверы не адкрывае, каментароў не дае».

У паведамленні таксама адзначаецца, што ў пятніцу ў 19:00 пройдзе чарговы стрым. «Мы даўно рыхтаваліся і зробім важную заяву з нагоды нашых далейшых дзеянняў незалежна ад таго, ці будуць Віктар і Эдуард з намі», – кажуць у штабе патэнцыйнага кандыдата.

Паводле тэлеграм-каналу АТН, пры затрыманні ні Віктар Бабарыка, ні ягоны сын «прэтэнзій да аператыўнікаў не прад’яўлялі, не прад’яўляюць і цяпер».

«Акуратна даюць паказанні», – паведамляе АТН у 11:07.

ДФР КДК. Фота – Арцём Лява / Belsat.eu

Паводле інфармацыі TUT.by, да Віктара Бабарыкі і ягонага сына не пусцілі адвакатаў – у КДК спаслаліся на тое, што ў будынку нібыта праходзяць «вучэнні». У сеціве зʼявілася відэа, як адвакат Дзмітрый Лаеўскі патрабуе трапіць у будынак ДФР, але дзверы зачынены і нікога туды не пускаюць.

Як? 🙁

Opublikowany przez Яўген Батура Czwartek, 18 czerwca 2020

Адвакаты Бабарыкі. Фота Арцём Лява/Белсат

Пазней адвакаты паведамілі журналістам, што падалі скаргу ў Генпракуратуру. Іхныя кліенты па-ранейшаму не адказваюць на тэлефанаванні. Абаронцы мяркуюць, што Бабарыкаў могуць апытваць у статусе падазраваных у межах крымінальнай справы – допыт цягнецца больш за тры гадзіны.

Стала таксама вядома, што ў доме Віктара Бабарыкі цяпер адбываецца ператрус.

✔️Обыски проходят в доме Виктора Бабарико, передает корреспондент Sputnik с места событийОсобняк экс-банкира…

Opublikowany przez Sputnik Беларусь: новости и события дня Czwartek, 18 czerwca 2020

Нагадаем, Віктар Бабарыка да сённяшняга дня афіцыйна не з’яўляўся падазраваным па «справе Белгазпрамбанку» і ніякіх следчых дзеянняў з яго удзелам не праводзілася.

  • Раніцай 11 чэрвеня сілавікі прыйшлі з вобшукам у галоўны офіс «Белгазпрамбанку». Таксама ператрусы адбыліся ў офісах кампаніяў «ПрыватЛізінг», «Кампары» і «Кентаўр». ДФР КДК распачаў крымінальную справу паводле ч.2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч.2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры». У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць былыя і дзейныя топ-менеджары банку, а таксама прадстаўнікі камерцыйных структураў. Агулаам у межах «справы Белгазпрамбанку» былі затрыманыя 15 чалавек, сцвярджалі ў КДК.
  • 12 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Віктара Бабарыка датычны да злачыннай дзейнасці топ-менеджараў «Белгазпрамбанку». Старшыня КДК Іван Церцель распавёў, што «фактычна на базе банку імі была створана арганізаваная злачынная група, якая ажыццяўляла вывад грашовых сродкаў на тэрыторыі замежных дзяржаваў». У адказ на пытанне журналістаў, ці датычны да гэтага Віктар Бабарыка, Церцель адзначыў: «Не магу сабе ўявіць, што тое, што рабілася ў банку намеснікамі, магло быць невядома кіраўніку. Магу пацвердзіць, што ў цяперашні час у нас маюцца пераканаўчыя доказы яго датычнасці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасці».
  • Віктар Бабарыка заявіў, што ператрусы і крымінальная справа – гэта ціск на яго і палітычная замова. Патэнцыйны кандыдат распавёў, што пад крымінальным пераследам аказаліся ягоныя сябры і калегі, і такім чынам улады хочуць сфармаваць у яго «комплекс віны». Каментуючы выказвання Лукашэнкі, Бабарыка заявіў: «Калі грошы, пра якія згадваў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, знойдзеныя ў маіх сяброў, то я афіцыйна заяўляю: гэта мае грошы». Былы банкір падкрэсліў, што грошы былі атрыманыя легальна і ён збіраўся адлюстроўваць іх у падатковай дэкларацыі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў