«Вашае збіццё не мае дачынення да справы». У Горадні судзяць таксіста, якога збіў АМАП


У Горадні 5 лістапада распачаўся суд над таксістам Аляксеем Лапай. У ноч з 11 на 12 жніўня Лапа разам з трыма сябрамі катаўся на сваім аўто па горадзе. На паркоўцы каля крамы на вуліцы Савецкіх памежнікаў невядомыя «людзі ў чорным» пачалі біць яго машыну. З’язджаючы, Аляксей зачапіў аднаго з іх. Як выявілася – гэта быў супрацоўнік АМАПу.

Каля плошчы Дзекабрыстаў аўтамабіль Аляксея блакавалі сілавікі. Яго і трох пасажыраў выцягнулі з машыны і збілі. Аляксей трапіў у шпіталь, супраць яго распачалі крымінальную справу па артыкуле 364 КК Беларусі: гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Гарадзенцу пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Аляксей Лапа ў судзе. Фота – belsat.eu

«У гэтых людзей ніякіх апазнавальных знакаў не было. Проста людзі ў цёмнай вопратцы з палкамі ў руках»

Разгляд справы пачаўся 5 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні. Працэс вядзе суддзя Дзмітрый Кедаль, вядомы абвінаваўчымі рашэннямі падчас маўклівых акцый у 2011-м годзе.

Пацярпелымі па справе праходзяць два амапаўцы, Павел Конан і Арцём Логіш. Паводле матэрыялаў справы, пашкоджанні ёсць толькі ў Паўла Конана: сінякі на локцю і калене, драпіна на лбе. Дарэчы, гэты супрацоўнік раней ужо засвяціўся на адным з палітычных судоў у Горадні. Ён сведчыў у судзе супраць Вяргілія Ушака, які праходзіў па «справе Ціханоўскага». Пацярпелыя (як і сведкі – таксама амапаўцы) на суд не з’явіліся «з-за занятасці на працы».

Па версіі абвінавачвання, Аляксей Лапа не падпарадкаваўся патрабаванням міліцыянтаў, наўмысна наехаў на Логіша і зачапіў Конана, з-за чаго той упаў на калена і атрымаў пашкоджанні. Лапа сваёй віны не прызнаў.

Аляксею 31 год, ён падпрацоўваў таксістам на асабістым аўтамабілі. У ноч з 11 на 12 жніўня ён адпрацаваў сваю змену і разам з трыма сябрамі паехаў катацца па горадзе. Па дарозе заехалі ў краму на вул. Савецкіх памежнікаў. Калі збіраліся выязджаць са стаянкі, да крамы пад’ехала бронетэхніка і мікрааўтобус.

Аляксей Лапа ў судзе. Фота – belsat.eu

– Я прыціснуў таксі да абочыны, каб прапусціць спецтранспарт, і раптам адчуў, што хтосьці пачынае наносіць удары па заднім капоце майго аўтамабіля. У той момант я наагул не зразумеў, што адбываецца. Вакол – цемра, нічога не бачна, гудуць машыны. У левым бакавым люстэрку заўважыў толькі сілуэт чалавека ў чорным, у яго руках была палка. Я спалохаўся, націснуў на газ і дзёрнуў машыну наперад. У той момант было адно жаданне – вырвацца з гэтай сітуацыі. Чалавек, які быў злева, нечакана для мяне рвануў наперад, пэўна, каб перагарадзіць мне дарогу. Але ніякіх знакаў, каб спыніць аўто, мне не паказвалі, – распавядаў Аляксей падчас суда.

– Вы ідэнтыфікавалі гэтых людзей як супрацоўнікаў міліцыі? – запытаў пракурор.

– Не. Я не разумеў тады, хто гэтыя людзі, якія бʼюць маю машыну. Я 10 год езджу на машыне, раней мяне спынялі толькі супрацоўнікі ДАІ, у іх іншая форма. У гэтых жа людзей ніякіх апазнавальных знакаў не было. Проста людзі ў цёмнай вопратцы з палкамі ў руках, – кажа Аляксей.

Ён выехаў на Савецкіх памежнікаў і павярнуў на вуліцу Паповіча, да плошчы Дзекабрыстаў. Туды якраз пад’ехала і перагарадзіла дарогу спецтэхніка. Утварыўся корак з машын. З таніраванага мікрааўтобуса выбеглі людзі ў чорным.

– Яны пачалі біць маю машыну, разбілі лабавое, бакавое шкло.Мяне і трох маіх сяброў выцягнулі з машыны…

– Вашае затрыманне і збіццё не маюць дачынення да разглядаемай крымінальнай справы, таму не будзем пра гэта, – перарваў Аляксея суддзя.

Гадзіна на асфальце ў лужыне крыві і аперацыя ў кайданках

Аляксей Лапа пасля збіцця амапаўцамі.
Фота: hrodna.life

Аляксея разам з сябрамі выцягнулі з машыны, паклалі тварам у асфальт, заламалі рукі і пачалі збіваць, дубінкамі і нагамі. Удары ў асноўным прыйшліся на твар. Збіццё знялі на відэа відавочцы, чутны гукі ўдараў і крыкі маладых людзей.

Аляксей разам з сябрамі ляжаў у лужыне крыві прыкладна каля гадзіны. Мінакі пыталі сілавікоў, ці трэба выклікаць хуткую, але тыя казалі, што ніякай дапамогі збітым не патрабуецца. Хуткую нарэшце выклікалі каля 00:30 прадстаўнікі Следчага камітэту, якія прыехалі наконт крымінальнай справы.

У шпіталі Аляксей Лапа правёў амаль два тыдні. Там ён і даведаўся, што ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа. Першыя тры дні ён быў прыкаваны кайданкамі да батарэі пад наглядам канваіра. Адпускалі толькі ў туалет і на працэдуры. Падчас аперацыі на твары ён заставаўся ў кайданках – прыкаваным да кушэткі ў аперацыйнай. Рабілі аперацыю на нос і сківіцу ў абласным шпіталі. У выніковым дыягназе: пералом верхняй сківіцы, гаймаравых пазух, скулавой косткі, носа, шматлікія гематомы.

Медычная даведка Аляксея Лапы наконт атрыманых траўмаў. Фота – belsat.eu

Прадстаўнікі УУС далі тады свой каментар па гэтай гісторыі:

«Актыўныя дзеянні кіроўцы ў якасці ўдзельніка несанкцыянаванага масавага мерапрыемства з’явіліся прычынай таго, што на яго сваю ўвагу звярнулі сілавікі. Спрабуючы пазбегнуць затрымання, мужчына спачатку сеў у аўтамабіль, а потым пачаў рух праз групу перапыняючых яго дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Адзін з супрацоўнікаў атрымаў цялесныя пашкоджанні. Быў арганізаваны пераслед транспартнага сродку».

Пасля шпіталя Аляксей звярнуўся ў Следчы камітэт з заявай, у якой патрабаваў правесці праверку па факце яго збіцця амапаўцамі. Адказ па праверцы павінен прыйсці да 19 лістапада.

Разбітая машына, якую гарадзенец набыў новай у 2019 годзе, знаходзіцца на штрафстаянцы.

Пасля ўсяго, што здарылася, Аляксей яшчэ доўга не мог прыйсці ў сябе, яго дадаткова накіравалі да псіхатэрапеўта. Таксама гарадзенец прайшоў курс фізіятэрапіі.

Цяпер Аляксея чакае другая аперацыя на твары. Стан здароўя пасля выпіскі пагоршыўся – пачаўся ацёк твару, пагоршыўся зрок.

Аляксей Лапа і ягоны адвакат у судзе. Фота – belsat.eu

Разгляд крымінальнай справы працягнецца 6 лістапада з далейшага апытання сведак. Адвакат лічыць, што справа павінна быць спыненая, таму што ў дзеяннях Аляксея няма складу злачынства.

«Белсат» будзе сачыць за развіццём справы.

Саша Праўдзіна belsat.eu

Стужка навінаў