Валер Цапкала паставіў подпіс за Святлану Ціханоўскую


І выказаўся наконт затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага, паведамляе Telegram-канал «Беларусь головного мозга».

Валер Цапкала разам з жонкай 30 траўня прыйшоў паставіць подпіс за Святлану Ціханоўскую. Ён папрасіў зрабіць гэта без чаргі, бо спяшаўся паехаць у Гомель. Сваё рашэнне Цапкала пракаментаваў так:

«Ёсць беларускі народ. І гэты беларускі народ мусіць мець права выбіраць. І калі яго такога права пазбаўляюць, то гэта няправільна. Мы падтрымліваем усіх кандыдатаў, якія ідуць на прэзідэнцкія выбары», – сказаў Валер Цапкала.



Ён выказаўся і ў падтрыманне затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага.

«Мы хочам бачыць Беларусь іншай краінай. І ў гэтым мы аднадумцы, мне бачыцца. Шчыра кажучы, надакучыла… Народ табе раз паверыў і ўсё, ідзі адпачывай».

Валер Цапкала адзначыў, што цяжка ведаць аб сапраўдным жыцці, калі «ты ездзіш на браніраваным аўтамабілі ў суправаджэнні эскорту і лётаеш на ўласным самалёце».

Валер Цапкала – адзін з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Сярод ягоных дасягненняў – стварэнне і ўзначальванне беларускага ПВТ.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў