Дзякуй богу, што не ў нас! Хутчэй за ўсё, так думае беларускае кіраўніцтва аб распачатых сёння пад Ніжнім Ноўгарадам вялікіх сумесных з Расеяй вучэннях «Шчыт Саюза – 2019». Два гады таму манеўры дзвюх армій «Захад-2017» на беларускай зямлі надта напружылі натаўскіх суседзяў ды і ў самой Беларусі выклікалі хвалю алармізму.
Пасля Крыма ў краінах Балтыі і Польшчы сталі вельмі нервова рэагаваць на актыўнасць расейскіх войскаў у сябе пад бокам. Сярод беларусаў жа узмацніліся перасцярогі, што «зялёныя чалавечкі» з-за ўсходняй мяжы могуць прыйсці і застацца.
Анэксія Крыма ўразіла беларускае кіраўніцтва. Па гарачых слядах, у красавіку 2014 га, у Аляксандра Лукашэнкі вырвалася:
«Калі заўтра сюды прыйдзе Пуцін, невядома, на чыім баку будуць ваяваць рускія. А я ведаю, на чыім! Таму не трэба нас палохаць Пуціным…»
У 2015 годзе беларускі прэзідэнт стаў на дыбкі, калі Крэмль паспрабаваў навязаць размяшчэнне авіябазы ў Бабруйску. У 2016-м была прынятая новая ваенная дактрына Беларусі – з акцэнтам на супрацьстаянне гібрыдным пагрозам. Аналітыкі дружна заключылі, што да гэтага падштурхнуў горкі вопыт Украіны.
Ва ўсякім выпадку, хоць казённыя рэфрэны пра братэрства па зброі працягваюць гучаць, дэ-факта даверу паміж саюзнікамі няма.
Напружанне паміж Менскам і Масквой рэзка ўзмацнілася, калі ў канцы мінулага года тая ўзяла за горла патрабаваннем «паглыбленай інтэграцыі». А персоны, якія прэтэндуюць на веданне крамлёўскіх таямніц, наперабой загаварылі, што Уладзімір Пуцін можа вырашыць для сябе праблему-2024, далучыўшы Беларусь і узначаліўшы новую дзяржаву.
Лукашэнку, падобна, атрымалася на сёння адбіцца ад самых пагрозлівых пунктаў «паглыбленай інтэграцыі», але Масква будзе даціскаць, выкарыстоўваючы катастрафічную залежнасць беларускай эканомікі ад расейскай.
Пры гэтым Крэмль хоць і нагадвае раз за разам, што трэба больш строга ахоўваць саюзніцкую вернасць, але не спяшаецца даваць беларускаму войску больш-менш сучасную зброю. У выніку Лукашэнку прыйшлося дамаўляцца з кітайцамі, каб тыя дапамаглі стварыць ракетную сістэму «Паланэз».
Затое Масква можа навязаць Менску размяшчэнне сваіх ракетных баз, калі ў рэгіёне пачнецца гонка ўзбраенняў. А такая пагроза ўзмацнілася пасля разбурэння Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці. Да таго ж расейскіх стратэгаў нервуе стварэнне базы амерыканскай сістэмы ПРА ў Польшчы.
Як мяркуе беларускі аналітык Арсень Сівіцкі, у Крамля ёсць планы перападпарадкаваць расейскаму камандаванню рэгіянальную групоўку войскаў дзвюх краін, стварыць адзіную вайсковую арганізацыю Саюзнай дзяржавы. А калі Менск моцна занатурыцца, то Масква можа пайсці і на ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі.
У дадатак да ўсяго, таўро вайсковага сатэліта Расеі падцінае пад корань намаганні беларускай дыпламатыі развіць заходні вектар, прэзентаваць Беларусь донарам рэгіянальнай стабільнасці, пашырыць нішу міратворчасці, прасунуць ініцыятыву «Хельсінкі-2».
Кіеў у свой час адхіліў прапановы Лукашэнкі паслаць на Данбас беларускіх міратворцаў: якія вы, маўляў, нейтралы, калі пад пятой Крамля. У НАТА ж беларускае войска ўспрымаюць як частку расейскай ваеннай машыны.
Гэта не зусім справядліва, але паспрабуй дакажы, што ты не вярблюд!
І вось жа якая іронія лёсу. На світанку прэзідэнцтва Лукашэнкі адчуваў сябе вельмі ўтульна пад расейскім ядзерным парасонам і ў антызаходняй, антынатаўскай рыторыцы пераплёўваў нават маскоўскіх ястрабаў. Ягоная фраза пра тое, што каварны монстр НАТА падпаўзае да сінявокай Беларусі, стала мемом.
Але прайшлі гады – і ад былой союзніцкай ідыліі не засталося і следу. Адносіны сапсавала чарада газавых, нафтавых, харчовых, інфармацыйных войнаў. Расея, «якая ўстала з каленяў», паказала імперскія замашкі ў канфліктах з Грузіяй, Украінай.
А потым і анэксія Беларусі пад тым ці іншым соусам стала звычайным сцэнаром ў вуснах маскоўскіх каментатараў. І цяпер беларуская армія без асаблівага афішавання рыхтуецца да гібрыднай вайны, а Лукашэнка рукамі і нагамі адбіваецца ад ваенных баз дарагога саюзніка, бачачы ў іх апорныя пункты інкарпарацыі.
Так што насуперак спадзевам каварны монстр абмаляваў з процілеглага боку. І ад яго не ўцячы, як у дрэнным сне.
Аляксандр Класкоўскі/АА, палітычны аглядальнік – для belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.