«Пуцін хапаецца за Беларусь». Ці дапаможа Лукашэнку Еўропа?

«Пасля анексіі Крыму аншлюс быў бы чарговым трыумфам Пуціна». Гэтак напісалі пра пагрозу паглынання Беларусі вядомыя нямецкія палітыкі Марылюізэ Бэк і Ральф Фюкс у газеце «Frankfurter Allgemeine Zeitung». Яны заклікаюць Еўропу падтрымаць беларускую незалежнасць, бо тая «належыць да стратэгічных інтарэсаў Еўразвязу».

Але пры гэтым аўтары прызнаюць, што «якая заўгодна супраца з аўтарытарным рэжымам раўнасільная хаджэнню па вастрыі нажа».

Сапраўды, у беларускай апазіцыі шмат хто крыўдуе на Еўразвяз: маўляў, той аддаў высокія прынцыпы, перайшоў на рэйкі Realpolitik у адносінах з дыктатурай.

ВІДЭА
Ад інсульту да анексіі. Топ-5 «укідаў» пра Беларусь, якія распаўсюджваюць расейскія медыі
2018.09.05 15:10

Аднак у Еўропы выбар стратэгіі невялікі. Ранейшая палітыка санкцый не дала эфекту. Надзеі на нейкую каляровую рэвалюцыю ў дрэмотным беларускім грамадскім балоце даўно змарнелі. Да таго ж расейская агрэсія супраць Украіны падштурхнула Захад да больш прагматычнай супрацы з Аляксандрам Лукашэнкам, які, наколькі змог, дыстанцыяваўся ад Масквы ва ўкраінскім пытанні.

У чымсьці Брусель мог бы паварушыцца

Так, Еўропа магла б у некаторых справах быць больш спрытная. Яна ўжо каторы год цягне ката за хвост у пытанні аб спрашчэнні візавага рэжыму для беларусаў, яшчэ і цяпер тэрміны падпісання дамовы ў тумане. Бюракратычная машына Бруселю непаваротлівая, калі гаворка ідзе пра зняцце бар’ераў у гандлі паміж Беларуссю і ЕЗ. Застопарылася падпісанне пагаднення аб прыярытэтах партнёрства.

Але апошні прыклад паказальны. Сакрэт палішынеля ў тым, што пагадненне заблакавала Літва. Аднак тут Менск расплачваецца за сваё недальнабачнае рашэнне пабудаваць АЭС ля самай мяжы з балтыйскай суседкай, за 50 кіламетраў ад Вільні.

Hавiны
Літва набудзе 4 мільёны таблетак ёду – на выпадак аварыі на БелАЭС
2019.06.27 21:17

І так куды ні кінь: і рады бы беларускі рэжым у рай, ды грахі не пускаюць.

На расейскай іголцы

Вось глядзіце: сёлета цягам сямі месяцаў беларускі экспарт у ЕЗ упаў на 18,6%. І зусім не таму, што праклятыя буржуіны ставяць падножкі. Наадварот, яны з вялікай ахвотай купляюць беларускае паліва і дызель. Але вось Расея падкасіла гэты працэс, уліўшы па вясне ў нафтаправод «Дружба» брудную сыравіну.

Меркаванні
Лукашэнка і «брудная нафта» Крамля
2019.05.14 13:43

Добра, за гэты свой трабл Масква абяцае кампенсацыю. Аднак за падатковы манеўр у сваёй нафтанцы – дудкі! Кажа: давайце глыбока інтэгравацца, інакш плюшак не атрымаеце.

Такім чынам, беларускія ўлады апынуліся ў пятлі «братэрскай інтэграцыі». У выніку эканоміка сядзіць на расейскай іголцы, а за новыя субсідыі, крэдыты Крэмль пачаў патрабаваць саступак, якія могуць абярнуцца стратай суверэнітэту.

Мнения
Россия перечеркнула мечту Лукашенко построить в Беларуси Эмираты
2019.06.10 13:38

Адвязацца ж ад Масквы, дыверсіфікаваць эканоміку – гэта, па-першае, доўгая песня. Па-другое, для гэтага патрэбныя рэформы, якіх Лукашэнка баіцца.

Дрэнны танцор

Больш за тое, беларускі кіраўнік не вырашаецца нават на гэткія крокі, якія не пагражаюць палітычным асновам рэжыму, – скажам, увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

А нядаўна Лукашэнка адмовіўся ад магчымасці паляцець у Польшчу на імпрэзы з нагоды 80-й гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны. Закавыка ў тым, што туды не запрасілі Уладзіміра Пуціна. Паляці ў Варшаву найбліжэйшы саюзнік – гэта выглядала б выклікам.

Так, правільныя рэчы пішуць у FAZ Марылюізэ Бэк і Ральф Фюкс. Але фішка ў тым, што для танга патрэбныя двое. А з беларускага рэжыму танцор з Еўропай нікчэмны.

Ужо і самому Лукашэнку даўно зразумела, што «братэрская інтэграцыя» аказалася пасткай. Але перарабіць свой рэжым ён не можа.

Меркаванні
Чаму Лукашэнка раскланяўся перад «гнілой Еўропай»
2019.07.23 16:29

Больш за тое, з імперскай пасткі будзе надзвычай цяжка вырвацца кожнаму ўраду пасля Лукашэнкі. У лепшым выпадку можа з’явіцца шанец на нейкую фінляндызацыю – гэты тэрмін палітолагі выкарыстоўваюць, маючы на ўвазе курс Фінляндыі пасля Другой сусветнай, калі краіна па сутнасці развівалася як частка Еўропы, заходняга свету, але пры гэтым намагалася не раздражняць Маскву: дэманстрацыя лаяльнасці, нейтралітэт, ніякага NATO і гд.

Карацей, ад імперыі прыйдзецца ціха адпаўзаць. Калі да таго часу яна не зжарэ з трыбухамі.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Меркаванні
Калі і як скончыцца ў Беларусі эпоха першага прэзідэнта?
2019.08.16 15:09

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў