Урад Японіі шукае магчымасці адмяніць летнія Алімпійскія гульні праз пандэмію каронавіруса, напісала газета «Times» са спасылкаю на свае крыніцы. Аднак японскія ўлады адмаўляюць наяўнасць такіх планаў.
Калі раней адбываліся адмены Алімпійскіх гульняў і з якіх прычынаў?
У 2020 годзе Японія ды Міжнародны алімпійскі камітэт ужо пераносілі галоўную спартовую падзею – на 2021-ы. Пры гэтым было дамоўлена, што алімпійскі агонь застанецца ў Японіі, а таксама захаваецца назва Алімпіяды – Токіа-2020. Японія ўжо на пачатак мінулага года ўклала ў арганізацыю відовішча больш за $ 12 мільярдаў.
І хоць перанос Алімпіяды на год адбыўся ўпершыню, гісторыя ведае некалькі выпадкаў, калі Гульні былі адмененыя.
Сучасныя Алімпійскія гульні ўпершыню адбыліся ў 1896 годзе ў Афінах. У 1912 годзе Берлін выйграў конкурс на правядзенне новай Алімпіяды і пачаў будаваць адмысловы стадыён, адкрыты ўжо праз год.
У 1914-м пачалася Першая сусветная вайна, аднак мала хто чакаў, што яна зацягнецца, таму арганізацыя Гульняў трывала нават у такі час. Аднак усё больш крывавая пазіцыйная вайна, якая нікому не давала яўнай перамогі, урэшце прымусіла адмяніць Алімпіяду ў Берліне.
Дарэчы, тут планаваліся і спаборніцтвы ў зімовых відах спорту: хакей, фігурнае катанне, хуткасны бег на каньках, лыжныя дысцыпліны. Рыхтаванне да Тыдня зімовага спорту пазней далі як вынік усталявання зімовых Алімпійскіх гульняў.
У 1920 годзе Гульні мусілі адбыцца ў Будапэшце, аднак праз тое, што Аўстра-Вугоршчына была хаўруснікам Нямеччыны падчас Першай сусветнай вайны, Міжнародны алімпійскі камітэт, на які асноўны ўплыў аказвала Францыя, перанёс Алімпіяду ў бельгійскі Антвэрпэн.
На гэтыя Алімпійскія гульні не запрасілі Аўстрыі, Балгарыі, Вугоршчыны і Турцыі, якія толькі што прайгралі вайну. На наступныя Гульні, у 1924 годзе, зноў не запрасілі Нямеччыны.
Японіі з Алімпіядамі можа не пашанцаваць ужо другі раз: упершыню Алімпійскія гульні ў Токіа планаваліся ў 1940 годзе, аднак былі адмененыя праз пачатак у 1937-м японска-кітайскай вайны.
Тады МАК перанёс Гульні ў Хельсінкі. І зноў нечаканасць: у 1939 годзе на нейтральную краіну напаў сталінскі СССР. Хоць фіны і адбіліся, вайна скончылася толькі ўвесну 1940-га: Фінляндыі ўжо было не да Алімпіяды.
У выніку Алімпійскія гульні, наступныя з якіх мусілі адбыцца ў 1944 годзе, проста пастанавілі не праводзіць, пакуль не закончыцца Другая сусветная вайна. Першыя паваенныя Гульні адбыліся ў Лондане ў 1948 годзе.
Такім чынам, перанос і адмена Алімпіяды ў сучаснасці былі звязаныя толькі з войнамі.