«Улады зацікаўленыя, каб не гучала ні слова пра палітыку». Апазіцыя падвяла вынікі #БНР101


Арганізатары канцэрту на 101-ую гадавіну ўтварэння БНР, які прайшоў напярэдадні ў Кіеўскім скверы ў Менску, распавялі, што было не так сёлета, і агучылі свае планы на наступны Дзень Волі.

Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч адзначыў, што на падрыхтоўку святкавання ў іх заставалася некалькі дзён, бо да апошняга моманту не было вядома, на якую пляцоўку дадуць дазвол улады. Калі заяўку на імпрэзу ў цэнтры гораду адхілілі, апазіцыйныя палітыкі пагадзіліся зладзіць канцэрт-мітынг на Бангалоры. Адною з галоўных перашкодаў, паводле арганізатараў, сталі фінансавыя абмежаванні.

Грошы збіралі праз краўдфандынг – агулам сабралі 6 тысячаў рублёў. Аднак, сцвярджае Губарэвіч, гэтага аказалася недастаткова, бо, каб пакрыць усе выдаткі, неабходна каля 12 500 тысячаў: толькі паслугі міліцыі каштавалі 3 850. Пры гэтым ён падкрэсліў, што арганізатары #БНР101 у Горадні «не перадалі ніводнага рубля» на святкаванне ў Менску.

«Паводле заяўкі, колькасць людзей не мусіла перавышаць тысячы. Недзе ў сярэдзіне канцэрту міліцэйскае кіраўніцтва сказала, што ўдзельнікаў ужо паўтары тысячы. Праз гэта нам паабяцалі выставіць удвая большы рахунак – 250 базавых велічыняў. Таму мы працягваем збіраць сродкі», – распавёў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Адзін з арганізатараў свята ў Горадні, Павел Белавус, у каментары belsat.eu сказаў, што яны распачалі сваю кампанію па зборы грошай яшчэ ў снежні мінулага году, але таксама не ведалі, якую пляцоўку ў выніку дазволяць чыноўнікі.

«Мы вырашылі, што лепей правесці адно вялікае, яскравае мерапрыемства, з добрым гукам і сцэнай у адным месцы, чым два асобных», – кажа Белавус.

Ён звяртае ўвагу на тое, што амаль 30 тысяч рублёў, сабраных праз talaka.by і Facebook ледзь хапіла на пакрыццё ўсіх выдаткаў, арганізатары «нават засталіся ў мінусе».

«Паколькі збор ініцыявалі мы, то вырашалі самастойна, якім чынам яго размеркаваць», рэзюмаваў Павел.

Брутальнае затрыманне Змітра Дашкевіча пасля ягонай яскравай прамовы са сцэны арганізатары імпрэзы ў Менску назвалі «правакацыяй» і «спробаю ўладаў сапсаваць свята».

ВІДЭА
Дашкевіч знайшоўся. Яго могуць судзіць у панядзелак
2019.03.24 21:43

«Улады зацікаўленыя, каб не гучала ніводнага слова пра палітыку і Дзень Волі быў выціснуты за межы Менску. Мы бярэм на сябе адказнасць і будзем дамагацца ад уладаў, каб у 2020 годзе свята адбылося на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, а яго фармат захаваўся», – заявіў Рымашэўскі.

Ён дадаў, што не лічыць Бангалор «ганебнаю пляцоўкай» для адзначэння Дня Волі ды прыгадаў, як менавіта там у 2004 годзе Павел Шарамет ладзіў вялікі рок-канцэрт.

Сустаршыня БХД Вольга Кавалькова заклікала ўсіх неабыякавых беларусаў браць удзел у кампаніі, прымеркаванай да Дня Волі, якая працягнецца надалей. Гаворка ідзе пра збор подпісаў за прызнанне дзяржавай на заканадаўчым узроўні бел-чырвона-белага сцяга і гербу «Пагоня», а таксама за ануляванне дамовы аб Саюзнай дзяржаве з Расеяй.

Таксама апазіцыйныя палітыкі дадалі: яны не клічуць грамадзянаў несанкцыянаваныя імпрэзы, «каб не падстаўляць людзей».

КА belsat.eu

Стужка навінаў