Улады вырашыліся на прыватызацыю «Гомсельмаша», «Гарызонта» і яшчэ 11-ці прадпрыемстваў


Дзяржкамітэт па маёмасці Беларусі абвесціў аб правядзенні працаў па продажы на аўкцыёнах і па конкурсе акцыяў 13 ААТ, што належаць дзяржаве.

Адпаведны пералік сфармаваны на падставе прапановаў галіновых органаў дзяржкіравання, паведамляе сайт ведамства.

Акцыі васьмі таварыстваў са спісу мяркуецца прадаваць па конкурсе. Пяць прадпрыемстваў будуць прапанаваны для продажу з аўкцыёну.

У спіс прадпрыемстваў трапіў беларускі вытворца сельгастэхнікі ААТ «Гомсельмаш» (100% акцыяў належыць дзяржаве), а таксама вытворца бытавой электратэхнікі ААТ «Кіроўная кампанія холдынгу» «ГАРЫЗОНТ» (99,9% акцыяў належыць дзяржаве).

Дзяржкамітэт па маёмасці таксама паведамляе, што да продажу на конкурснай аснове прапануецца 49,9% акцый ААТ «Гомсельмаш» з захаваннем у дзяржуласнасці пакета акцый у памеры 50% + 1 акцыя. Кошт пакета акцый не называецца. Але адзначаецца, што пры ўмове выгадных прапановаў з боку інвестара магчымае прыняцце рашэння аб продажы пакета акцыяў да 75% «мінус» 1 акцыя.

Умовы прыватызацыі холдынгу «Гарызонт» прадугледжваюць продаж інвестару цэлага дзяржпакету акцый – 99,9% статутнага фонду. Цана продажу не паведамляецца, але аб’ём інвестыцыяў у асноўны капітал павінен скласці не менш як $ 30 млн.

Таксама дзяржава гатовая прадаць акцыі ААТ «Баранавіцкі завод станкапрыладаў» (увесь дзяржпакет 76,63%), гомельскае ААТ «Карал» (увесь дзяржпакет 100%), ААТ «ПрамЛінкс» (увесь дзяржпакет 97,22%), ААТ «Менскі Прамтранспраект» (увесь дзяржпакет 17,41%), ААТ «МенскСортСемГародніна» (увесь дзяржпакет 5,17%), ААТ «Завод Прамбурвод» (увесь дзяржпакет 15%), ААТ «Менскі эксперыментальна-фурнітурны завод» (увесь дзяржпакет 49,98%), ААТ «Купалінка» (увесь дзяржпакет 84,46%), ААТ «Беллёгпрампраект» (увесь дзяржпакет 5,67%), ААТ «Бабруйскі гарбарны камбінат» (увесь дзяржпакет 17,05%), ААТ «Менскпраектмэбля» (увесь дзяржпакет 93,79%).

Раней паведамлялася, што дзяржава гатовая прадаць толькі тры буйныя прадпрыемствы.

ЮВ/МВ belsat.eu

Стужка навінаў