Улады кажуць, што іх прагноз наконт эпідэміі COVID-19 спраўджваецца. Ці так гэта?


Аляксандр Лукашэнка і прадстаўніца Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя 5 траўня заявілі, што прагнозы беларускіх спецыялістаў наконт маштабаў распаўсюду каронавіруса ў Беларусі спраўджваюцца. Аднак раней Мінздароўя агучвала прагноз, які моцна адрозніваецца ад цяперашняй сітуацыі.

5 траўня, наведваючы палігон Акадэміі навук, Аляксандр Лукашэнка распавёў, што пакуль «з дзіўнай дакладнасцю спраўджваецца прагноз, дадзены раней беларускімі спецыялістамі». «Дай бог, каб нам прайсці гэты перыяд так, як мы спрагназавалі. Мы цяпер залезлі наверх. Ледзь-ледзь упалі. І дай бог, каб было так, мы спакойна праз месяц скончым гэтую эпапею», – заявіў ён.

Увечары 5 траўня ў эфіры «Беларусь 1» намесніца галоўнага лекара Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская распавяла, што ў гэтым прагнозе ўлічвалася розныя мадэлі развіцця сітуацыю, а таксама сацыяльныя асаблівасці – напрыклад тое, што ў выходныя дні людзі будуць меней выконваць рэкамендацыі Мінздароўя па сацыяльнаму дыстанцыянаванню.

Намесніца галоўнага лекара Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская. Скрыншот з відэа «Беларусь 1»

«Гэты прагноз з моманту яго стварэння амаль цалкам апраўдваецца. Ну, можа толькі апошнія тыдзень-паўтары ў нас трошкі назіраецца зрух па прагнозе на адзін дзень. Тыя захады, якія мы робім, яны дастаткова эфектыўныя, яны працуюць і дазваляюць нам папярэдзіць дастаткова вялікую колькасць захворванняў, не дапусціць лавінападобнага росту», – падкрэсліла Глінская.

Ірына Глінская ў інтэрв’ю «Беларусь 1» таксама заявіла, што «недзе праз месяц, магчыма, да канца гэтага месяца мы выйдзем на ўстойлівае зніжэнне захворванняў».

Раней, 3 траўня, падчас нарады Лукашэнка распавёў, што яшчэ два месяцы таму меў дакладны прагноз па захворваемасці ў краіне. «Што тычацца інфекцыйных захворванняў, то мы ідзем выразна ў тым прагнозе, які быў два месяцы таму дакладзены мне», – заявіў ён.

Аднак публічна і Лукашэнка, і прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя раней агучвалі зусім іншыя прагнозы наконт эпідэміі каронавіруса ў Беларусі:

  • 31 сакавіка Лукашэнка заявіў, што «мы цяпер на піку» каронавірусных захворванняў і галоўнае цяпер пратрымацца да Вялікадня. Між тым, пачынаючы з 3 красавіка, колькасць інфікаваных у Беларусі вырасла з 351 да 18 350 чалавек – больш чым у 52 разы.
  • 14 красавіка падчас прэс-канферэнцыі намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан заявіла, што штодзень у Беларусі рэгіструецца прыкладна аднолькавая колькасць выпадкаў інфікавання – 340-360. Яна запэўніла, што такая сітуацыя захаваецца цягам прыкладна 2-3 тыдняў. Але за наступныя тры тыдні колькасць інфікаваных у Беларусі вырасла на 14 662 чалавек – прырост склаў у сярэднім 696 чалавек у содні (амаль у 2 разы больш, чым казала Богдан). Апошнія два тыдні колькасць выяўленых за дзень выпадкаў каронавіруса наагул вагалася ад 741 да 973.
  • 19 красавіка ў інтэрв’ю каналу ОНТ галоўны дзяржаўны санітарны лекар Наталля Жукава заявіла, што існуюць перадумовы для таго, каб захворваемасць каронавірусам у Беларусі знізілася ў наступныя 3-4 тыдні. Аднак за наступныя 16 дзён колькасць інфікаваных у Беларусі вырасла ў 3,3 разы – на 14 146 чалавек.

 

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 5 траўня ў Беларусі зарэгістравана 18 350 выпадкаў заражэння COVID-19. 107 пацыентаў памерлі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў