Украінцы раскрылі сакрэты, якія КДБ хавае ад беларускага народа


Што ведаюць пра месцы бальшавіцкіх растрэлаў самі беларусы? Афіцыйна няшмат. Сумнавядомае ўрочышча Курапаты, што на ўскрайку Менску. Паводле некаторых звестак, на гэтым месцы спачывае больш за дзвесце тысяч ахвяраў сталінскіх катаў. Камуністы не аднойчы намагаліся перакласці адказнасць за расстрэлы на нацыстаў.

А гэта дзявяты кіламетр Чарнігаўскай, што пад Гомлем. Колькасць пахаваных тут пакуль дакладна палічыць немагчыма, бо архівы КДБ у Беларусі засакрэчаныя. Раней мясцовыя ідэолагі ў размове з «Белсатам» падкрэслівалі, што пра наяўнасць пахаванняў рэпрэсаваных у Гомлі і ваколіцах нічога не чулі. Канец усім сумневам цяпер паклалі працы ўкраінскіх даследчыкаў.

«Я ведаю, што ў архіве ёсць такія справы, калі, да прыкладу нарадзінец Чарнігаўскай вобласці, але быў расстраляны ў гады рэпрэсіяў у Гомлі», – распавядае Раіса Верабей, супрацоўніца Чарнігаўскага абласнога архіву.

Вядзецца пра справу Віктара Голубава, арыштаванага ў 37-м годзе за антысавецкую дзейнасць. З даступнай даследчым справы вынікае, што следства вялі працаўнікі НКВД БССР. Арыштаванага ўтрымлівалі ў гомельскай турме ажно да канчатковага выраку. Расстралялі Голубава 13-га сакавіка трыццаць восьмага года, таксама ў Гомлі.

«Ёсць важкія паставы меркаваць, што такіх справаў можа быць больш. З дапамогаю іх навукоўцы змогуць давесці, што ў Гомлі (і не толькі) расстрэльвалі людзей. З дапамогаю дакументаў можна будзе знайсці месцы, дзе людзей забівалі або прывозілі хаваць», – зазначае гісторык Аляксандр Ясенчук.

Таксама выяўляюцца прозвішчы рэпрэсаваных на тэрыторыі Украіны беларусаў. Як запэўніваюць украінскія даследчыкі, працы з архівамі НКВД працягнуцца бліжэйшым часам.

«Неабходна зразумець мінулае, не паўтараць ранейшых памылак, ачысціцца ад злачынстваў. Цёмная спадчына бальшавіцкай мінуўшчыны ўплывае на нашую псіхіку і душу», – падсумоўвае Аляксандр Ясенчук.

Падставаю да ачышчэння ад савецкай мінуўшчыны стаў пакет законаў аб дэкамунізацыі. Цяпер Служба бяспекі Украіны адкрыла свабодны доступ да дакументаў савецкіх карнікаў. У Беларусі такое пакуль немагчыма. У краіне, дзе пад рэпрэсіі трапілі, згодна з рознымі падлікамі, каля паўтара мільёна чалавек, тэма камуністычнага тэрору застаецца таямніцаю.

Ян Бабіцкі, Белсат

Стужка навінаў