Украінцы далі беларускаму бізнесоўцу дазвол на набыццё нафтапрадуктаправоду


Антыманапольны камітэт Украіны дазволіў беларускаму прадпрыемству «Нафтабітумны завод» набыць долю звыш 50 % у статутным капітале ўкраінскага нафтапрадуктаправоднага прадпрыемства «ПрыкарпатЗахадтранс». Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце АМКУ.

У пачатку 2019 года «Нафтабітумны завод», які належыць найбуйнейшаму прыватнаму беларускаму нафтатрэйдару «Інтэрсэрвіс», падаў дакументы на набыццё звыш 50 адсоткаў у кампаніі «Прыкарпатзахадтранс», паведамляе zautra.by. Гэта – былая ўласнасць расейскай нафтатранспартнай кампаніі «Транснафта», па якой з савецкіх часоў пастаўлялася дызельнае паліва з Расеі і Беларусі для ўкраінскіх спажыўцоў, а таксама ў Вугоршчыну і Славаччыну.

У 2016 годзе «Транснафта» прадала гэты ўчастак зарэгістраванай у Швейцарыі фірме International Trading Partners (ITP), уладальнікам якой называецца грамадзянін Нямеччыны Анатоль Шэфер. Працягласць ягонай сеткі складае 1,1 тысячы кіламетраў, праектная магутнасць магістралі – за 3,5 мільёна тон рэсурсу ў год. У 2018 годзе праз яго было перапампавана 37 % усяго спажытага ва Украіне дызельнага паліва.

Гэта – другая спроба беларускага бізнесоўца Мікалая Вераб’я набыць актывы ва Украіне.

Яго Нафтабітумны завод у лістападзе летась апынуўся ў ліку пяці прэтэндэнтаў на набыццё кантрольнага пакета (78,28 %) ва ўкраінскай дзяржаўнай энергагенерыруючай кампаніі «Цэнтрэнерга» (уладальнік Трыпальскай, Вуглегорскай і Зміеўскай ТЭС). Аўкцыён, які праводзіўся Фондам дзяржаўнай маёмасці Украіны, быў прызначаны на 13 снежня, а гандляванні меліся стартаваць з 220 мільёнаў долараў. Але ў выніку спачатку Нафтабітумны завод не быў дапушчаны да ўдзелу ў аўкцыёне з прычыны неадпаведнасці дакументацыі з украінскім заканадаўствам, а потым былі адмененыя і самі гандляванні.

Мікалай Верабей – былы партнёр Аляксандра Шакуціна. Пасля падзелу бізнесу, які адбыўся ў 2016-2017 гадах, акрамя бітумнага заводу ў Чэрвеньскім раёне, Мікалай Варабей захаваў за сабой найбуйнейшую прыватную паляўнічую гаспадарку ў Беларусі «Чырвоны Бор» і «Абсалютбанк». Таксама разам з Аляксеем Алексіным і Аляксандрам Зайцавым ён зʼяўляецца суўладальнікам нацыянальнага лагістычнага аператара «Брэміна груп».

Hавiны
Беларускі завод хоча набыць у сяброў «кума Пуціна» нафтапрадуктаправод ва Украіне
2019.03.13 20:50

СК belsat.eu

Стужка навінаў