Беларускі завод хоча набыць у сяброў «кума Пуціна» нафтапрадуктаправод ва Украіне


Антыманапольны камітэт Украіны прыняў да разгляду заяву беларускага «Нафтабітумнага заводу» аб набыцці больш за 50 % акцыяў ТАА «Прикарпатзападтранс», які эксплуатуе ўкраінскі ўчастак нафтапрадуктаправода «Самара – Заходні кірунак», паведамляе enkorr.com.ua.

«Прикарпатзападтранс» эксплуатуе трубаправод працягласцю каля 1100 км, прызначаны для перапампоўвання дызельнага паліва з Расеі і Беларусі, а таксама для ўнутраных патрэбаў Украіны ды транзіту ў Еўропу.

У 2016 годзе ўладальнікам «Прикарпатзападтранса» стала швейцарская «International Trading Partners AG», набыўшы яго ў расейскай каммпаніі «Транснефть», паведамляе TUT.BY.

Уласнікам «International Trading Partners AG» значыцца грамадзянін Нямеччыны Анатоль Шэфер. Паводле медыяў, ён уваходзіць у акружэнне ўкраінскага «кума Пуціна» Віктара Медведчука, з якім нядаўна сустракаўся Аляксандр Лукашэнка.

Hавiны
Супраць Віктара Медведчука распачалі крымінальную справу. Тры тыдні таму ён сустракаўся з Лукашэнкам
2019.02.05 16:00

Продаж паліва з трубы ва Украіне кантралюе група «Proton Energy» Нісана Маісеева, які таксама звязаны з Медведчуком. Маісееў сцвярджае, што з Медведчуком у яго не дзелавыя, а сяброўскія адносіны.

«Нафтабітумны завод» быў створаны на базе камунальнага прадпрыемства «Вёска-ЭмульБіт» у выніку продажу на конкурсе. У 2012 годзе прадпрыемства ў Чэрвеньскім раёне набыў наваполацкі нафтатрэйдар «Інтэрсэрвіс», які кантралюе Мікалай Верабей.

«Нафтабітумны завод» быў адным з найбуйнейшых атрымальнікаў расейскіх нафтапрадуктаў. Беларускае прадпрыемства таксама з’яўляецца адным з пастаўшчыкоў бітумаў на ўкраінскі рынак.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў