Украінскія консулы наведалі параненых маракоў у «Матроскай цішыні»


Дыпламаты спраўдзілі фізічны стан ваеннапалонных, захопленых Расеяй пасля інцыдэнту ў Керчанскай пратоцы. Пра гэта ў Мілане паведаміў міністр замежных справаў Украіны Паўло Клімкін.

У шпіталі маскоўскага СІЗА №1, таксама вядомага, як «Матроская цішыня», украінскія консулы сустрэліся з трыма параненымі маракамі, захопленымі побач з Керчанскай пратокай. Як перадае Hromadske.ua, пра гэта ў Мілане на сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў АБСЕ паведаміў кіраўнік украінскай дыпламатыі Паўло Клімкін. Паводле міністра, консулы да канца тыдня мусяць сустрэцца з кожным з 24 палонных, каб пабачыць, у якім яны стане.

6 снежня 2018, Мілан. Паўло Клімкін выступае на паседжанні Рады міністраў замежных справаў АБСЕ. Фота – mfa.gov.ua

Падчас паседжання АБСЕ Паўло Клімкін таксама падняў пытанне расейскай ваеннай агрэсіі ў Азоўскім і Чорным моры, ды заявіў, што АБСЕ разам з Украінай мусіць моцна запатрабаваць ад Расеі тэрміновага вызвалення і бяспечнага вяртання маракоў дадому.

«Нагадваю, што атака ўзброеных сілаў адной дзяржавы на ўзброеныя сілы іншай дзяржавы з’яўляюцца актам агрэсіі ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН 1974 года», – заявіў Клімкін.

У Мілане прадстаўнік Кіева прадставіў праект рэзалюцыі «Праблема мілітарызацыі Аўтаномнай рэспублікі Крым і гораду Севастопаль (Украіна), у таксама частак Чорнага і Азоўскага мораў», ды сустрэўся з кіраўніцай Службы замежных справаў Еўразвязу Федэрыкай Магерыні, якой прадставіў доказы спланаванай расейскай агрэсіі супраць Украіны ў Керчанскай пратоцы.

6 снежня 2018, Мілан. Сустрэча Паўло Клімкіна і Федэрыкі Магерыні ў справе расейскай ваеннай агрэсіі ў Керчанскай пратоцы. Фота – mfa.gov.ua

25-га лістапада расейскія памежныя караблі ФСБ у нейтральных водах Чорнага мора адкрылі прыцэльны агонь па трох украінскіх караблях – два вайсковых катары і буксір, якія пасля спробы прайсці заблакаваную расейцамі Керчанскую пратоку вярталіся ў порт у Адэсе. 24 палонныя маракі цяпер у расейскіх следчых ізалятарах, іх абвінавачваюць у парушэнні дзяржаўнай мяжы.

Hавiны
«Калі няма чаго сказаць – расейцы ўцякаюць». Барыс Грызлоў пакінуў Менскія перамовы, каб не чуць пра палонных маракоў
2018.12.05 07:07

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Стужка навінаў