«Калі няма чаго сказаць – расейцы ўцякаюць». Барыс Грызлоў пакінуў Менскія перамовы, каб не чуць пра палонных маракоў


Барыс Грызлоў і Сяргей Шайгу на паседжанні Савету Бяспекі Расеі ў Крамлі, 2013 год. Фота – kremlin.ru

Пастаянны прадстаўнік Расеі ў Трохбаковай перамоўнай групе выйшаў з залі паседжанняў у аўторак падчас выступу прадстаўніка Украіны Яўгенія Марчука. Пра гэта журналістам распавёў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Зайдык.

Больш падрабязна сітуацыю апісала прадстаўніца Украіны ў Менскай перамоўнай групе Ірына Герашчанка ў сваім «Фэйсбуку»:

«Прадстаўнік Расеі Барыс Грызлоў сёння ў Менску пакінуў залю паседжання падчас абвяшчэння ўкраінскім бокам – Яўгеніем Марчуком – заявы з пратэстам супраць адкрытай расейскай агрэсіі ў Азоўскім моры і Керчанскай пратоцы. Калі няма чаго сказаць – расейцы ўцякаюць. Або шчыра брэшуць».

Ірына Герашчанка паведаміла, што ў Менску прадстаўнікі Украіны заклікалі Адмысловую маніторынгавую місію АБСЕ тэрмінова пачаць узмоцнены маніторынг акваторыі Азоўскага мора і прылеглых тэрыторыяў у сувязі з расейскай правакацыяй на моры. Паводле Менскіх пагадненняў, гэтыя тэрыторыі мусяць быць вольныя ад цяжкіх узбраенняў і ваеннай тэхнікі. Пры гэтым расейскі бок фактычна заблакаваў абмеркаванне Керчанскага інцыдэнту.

У Маскве не прызнаюць сувязі паміж анексіяй Крыму, уводам парамілітарных фармаванняў і кадравых вайскоўцаў у Данецкую і Луганскую вобласці, і абстрэлам ды захопам украінскіх караблёў расейскім флотам. Як заявіў расейскім медыям сам Грызлоў, «шэраг прадстаўнікоў АБСЕ ў працоўных групах, адступіўшы ад ролі пасярэдніка, прапаноўвалі да абмеркавання пытанні, не звязаныя з урэгуляваннем унутрыўкраінскага канфлікту».

25 лістапада памежныя караблі Расеі заблакавалі Керчанскую пратоку, каб не прапусціць украінскія караблі: два малыя браніраваныя катары і рэйдавы буксір, якія праводзілі запланаваны пераход з Адэсы ў Марыупаль – з Чорнага ў Азоўскае мора. Паводле навігацыйных звестак ВМС, якія на міжнароднай арэне прадстаўляе міністр замежных справаў Украіны, пасля блакады затокі расейскія памежныя караблі пераследавалі катары і буксір у нейтральных водах, правялі таран ды абстралялі іх з буйнакалібернай зброі. У выніку ў расейскі палон трапілі 24 украінскія маракі, з іх трое параненыя. Цяпер яны знаходзяцца ў расейскіх следчых ізалятарах.

Як заявіў сёння ў Бруселі міністр замежных справаў Украіны Павел Клімкін, у бліжэйшы час NATO ўзмоцніць сваю прысутнасць у Чорным моры. Клімкін нагадаў, што захопленыя маракі маюць статус ваеннапалонных.

Сёння ж Еўрапейскі суд правоў чалавека абавязаў улады Расеі забяспечыць адпаведную медычную дапамогу захопленым украінскім маракам.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары