У Менску 7 жніўня адбыўся флэшмоб на знак падтрымкі Кірыла Галанава і Уладзя Сакалоўскага, якія напярэдадні ўключылі «Перамен» на дзяржаўным свяце ў Кіеўскім скверы.
Роўна а 19:00 на праспекце Незалежнасці пачалі сігналіць машыны, з вокнаў гучала песня Віктара Цоя «Перамен», шмат хто вывесіў бел-чырвона-белыя сцягі. Да акцыі далучыліся і мінакі.
https://www.facebook.com/BELSAT.TV/videos/2667676556854274/
Большасць удзельнікаў мела на руцэ белы бранзалет – адзін з сімвалаў сёлетняй выбарчай кампаніі.
Прыкладна а 19.15 міліцыя перакрыла праспект. ДАІ спыняе асобныя машыны.
Абодвум гукарэжысёрам сёння прысудзілі па 10 содняў адміністратыўнага арышту. Імаверна, яны страцяць працу ў Палацы моладзі.
«Жыхары Менску! Сёння, 7 жніўня, бярэм таксоўку, сядаем у свае аўтамабілі, едзем на праспект Незалежнасці і роўна а 19:00 апускаем шкло машын, уключаем «Перамен» і ўздымаем рукі з белымі бранзалетамі», – заклікалі некалькімі гадзінамі раней у тэлеграм-канале «Беларусь галаўнога мозгу».
Тое ж самае заклікаюць зрабіць і жыхароў іншых гарадоў, выехаўшы на цэнтральныя вуліцы.
«Няхай яны пачуюць, што перамены ў Беларусі ўжо не адключыць!» – дадаюць ініцыятары флэшмобу.
***
Нагадаем, 6 жніўня некалькі тысяч чалавек прыйшлі ў Кіеўскі сквер у Менску на арганізаванае дзяржавай свята «Дзень адкрытых дзвярэй установаў дадатковай адукацыі». Там а 19:00 збіралася быць і Святлана Ціханоўская (пасля таго, як улады не пакінулі ёй месцаў для агітацыі ў горадзе), аднак у апошні момант ахова адгаварыла яе з мэтаў бяспекі.
КА belsat.eu