Удава забітага Тарайкоўскага: У мяне няма спадзяванняў на справядлівае развязанне справы


Ініцыятыва «ByPol» апублікавала аўдыё, на якім чалавек з голасам, падобным да голасу Мікалая Карпянкова, гаворыць пра загады Лукашэнкі страляць у мірных пратэстоўцаў. Родныя забітага сілавікамі Аляксандра Тарайкоўскага ў размове з «Белсатам» кажуць, што шакаваныя гэтым маналогам.

У сеціве ініцыятыва «ByPol» размясціла аўдыязапіс размовы, у якой нехта з голасам, падобным да голасу намесніка МУС, палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова, які раней займаў пасаду начальніка ГУБАЗіК МУС, распавядае пра забойствы і катаванні мірных дэманстрантаў.

У маналогу гучыць таксама, якім чынам забілі Аляксандра Тарайкоўскага.

«Зразумела, ад чаго памёр гэты п’яніца і дэбіл. Ён памёр, вядома, ад гумавай кулі, якая прыляцела яму ў грудзі. Ён стаяў там у майцы. Я думаю, што з адваротнага боку майкі яна не затрымаецца. Расейская зброя, траўматычная зброя, з блізкай адлегласці ад баявой нічым не адрозніваецца», – гучыць у апублікаваным аўдыё.

Родныя забітага Аляксандра Тарайкоўскага шакаваныя гэтым прызнаннем. Бацька Аляксандра не здолеў пракаментаваць словаў Карапянкова. Грамадзянская жонка Аляксандра, Алена Герман, кажа, што гэта генацыд.

«П’яніца і дэбіл? У мяне проста няма словаў. Як так можна? Яны забілі мірнага грамадзяніна, а цяпер яшчэ і абражаюць яго. Яны ж так і не завялі крымінальнай справы. Мала таго, дык выставілі раней тэрарыстам. Гэта проста жах, я не ведаю, што сказаць, не ведаю, як можа пракаментаваць такія словы. Проста жахліва. Я лічу, што гэта проста генацыд», – пракаментавала «Белсату» словы Карпянкова Алена Герман, удава Аляксандра Тарайкоўскага.

Аляксандр Тарайкоўскі.
Фота: www.bbc.com/russian

Аляксандр Тарайкоўскі загінуў 10 жніўня каля станцыі метро «Пушкінская». Міліцыянты пра ягоную гібель паведамілі, што «10 жніўня, каля 23:00, падчас масавых закалотаў у Менску на вул. Прытыцкага адбылося супрацьстаянне са спецназам, які прыбыў для дэблакавання плошчы, адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына зазнаў траўмы, не сумяшчальныя з жыццём». Але фота і відэа моманту забойства Аляксандра ёсць у сеціве. Відаць, што ў ягоных руках нічога няма, і ён упаў на зямлю пасля ранення ў грудзі.

Раней былы сілавік Ігар Макар распавёў падрабязнасці забойства Тарайкоўскага і нават паведаміў прозвішча сілавіка, які страляў у Аляксандра.

Менавіта куля, паводле альтэрнатыўнага расследавання, сталася прычынаю смерці Аляксандра Тарайкоўскага. Але Следчы камітэт не спяшаецца даваць прававой ацэнкі гібелі Аляксандра. Упраўленне Следчага камітэту па Менску яшчэ ў лістападзе летась прыпыніла правяранне ў гэтай справе. Крымінальнай справы дасюль не распачалі, хоць ёсць сведкі гібелі мужчыны.

«У мяне няма спадзяванняў на нейкае справядлівае развязанне справы цяпер. Проста забіваюць людзей. Як далей жыць у гэтай краіне, як тут выхоўваць дзяцей?» – кажа ўдава Аляксандра Тарайкоўскага.

Развітанне з загінулым падчас пратэстаў у Менску Аляксандрам Тарайкоўскім. Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

СК, belsat.eu

Стужка навінаў