«Ударылі па галаве, селі на плечы». Сёння з больніцы выходзіць магілёвец, які пацярпеў на нядзельным маршы


Магілёўцу Андрэю Вярбіцкаму на маршы пратэсту ў Магілёве 27 верасня разбілі галаву. Мужчына ўвайшоў у калону ўдзельнікаў акцыі на плошчы Арджанікідзэ – менавіта там і адбыўся самы моцны і брутальны разгон мірных пратэстоўцаў.

«Я выходзіў з парку Падміколле і ўбачыў сіні мікрааўтобус і нейкую маршрутку з АМАПам. Сілавікі пачалі шыхтавацца перад людзьмі. Было бачна, што АМАП вельмі агрэсіўна настроены. На агульным фоне выдзяляліся дзве асобы, якія стукалі дубінкамі сабе па далоням, даючы зразумець, што зараз будуць біць», – узгадвае нядзельныя падзеі Андрэй.

У той момант Андрэй ішоў да прыпынку і патрапіў у тую самую калону, на якую паляваў АМАП. Далейшыя падзеі разгортваліся вельмі хутка. Людзі апынуліся зажатыя на вузкім тратуары паміж будынкам і дарожнай агароджай – АМАПаўцы гэтым скарысталіся і пайшлі ў наступ.

Андрэй Вярбіцкі пасля збіцця супрацоўнікамі міліцыі. Фота з уласнага архіву
Андрей Вербицкий после избиения сотрудниками милиции. Фото из собственного архива

«Назад сысці не было магчымасці. Людзі вырашылі згуртавацца і схапіліся за рукі. АМАП пачаў бегчы на нас і нападаць. Вельмі дужы АМАПавец ударыў мужчыну побач са мной, гэта адцягнула маю ўвагу і ў гэты момант ударылі мяне самога. Я не ўбачыў чым – ці то рукой, ці то рукаяткай дубінкі, але дакладна не дубінкай. Я адразу схапіўся за галаву, каб абараніць яе рукамі, і прысеў. Пры гэтым я казаў АМАПаўцу, каб ён мяне больш не біў, што я сам пайду. Але ўсё ж такі мне прыляцела яшчэ пару ўдараў па баках. Сінякоў не засталося, але вельмі балела адразу», – каментуе Андрэй.

Менавіта на плошчы Арджанікідзэ 27 верасня для разгону мірных дэманстрантаў сілавікі ўжылі спецсродкі. Якія канкрэтна, не паведамляецца. Спалоханыя ўдзельнікі падзей казалі, што бачылі ўспышку і чулі выбух, па іх меркаванню гэта магла быць святлошумавая граната.

Марш 27 верасня ў Магілёве.
Фота: «Белсат»

«Мяне зацягнулі ў мікрааўтобус і паставілі на калені, загадалі сагнуцца і трымаць галаву ўніз. Наверх на мяне сеў супрацоўнік і ў такім стане мы ехалі ў РАУС. Калені мае ўткнуліся ў металічныя дэталі мікрааўтобуса, ад чаго было вельмі балюча. Мая кроў засталася ў салоне і сілавікі яшчэ спужаліся, ці не патрапіла кроў ім на вопратку», – узгадвае сваё затрыманне Андрэй.

Пасля таго, як затрыманых прывезлі ў Ленінскі РАУС, Андрэй яшчэ нейкі час чакаў хуткую дапамогу. Калі прыехалі лекары, было вырашана забраць яго ў Магілёўскую гарадскую больніцу хуткай медычнай дапамогі. Там да Андрэя двойчы прыходзіў следчы: спачатку апытаць наконт збіцця, а другі раз – агледзець мабільны тэлефон пацярпелага. Пасля гэтага следчы даў Андрэю накіраванне на судова-медыцынскую экспертызу.

Марш 27 верасня ў Магілёве.
Фота: «Белсат»

Медыкі зрабілі Андрэю неабходныя даследаванні: ЧМТ няма, але зафіксаваны ўдар ілба і рассячэнне скуры пад правым вокам. Таксама ў мужчыны моцна баляць калені. Сёння яму робяць апошнія даследаванні і мусяць выпісаць з больніцы. Але на ўваходзе ў больніцу ўжо дзяжураць два супрацоўніка міліцыі – Андрэй упэўнены, што яны чакаюць менавіта яго.

Інтэрв’ю
«Білі тварам аб асфальт, вынікаў судмедэкспертызы пакуль няма». У СК менчуку адказалі, што не ведаюць, ці мае сэнс да іх звяртацца
2020.09.13 11:22

Магілёўскія праваабаронцы ўжо назвалі 27 верасня ў Магілёве вяртаннем да жорсткага сцэнару 9-11 жніўня.

«Нядзельная акцыя ў Магілёве, якая, фактычна, была мясцовай рэакцыяй на інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі, адкрыла новы этап зносінаў паміж грамадзянамі і мясцовай міліцыяй. Раней, пасля падзеяў 9-11 жніўня, мясцовыя праваахоўнікі, відавочна, баяліся пераходзіць да адкрытай агрэсіі, бо менавіта яна выклікала самы маштабны пратэст у гісторыі Магілёва 16 жніўня і ўмацавала грамадскую салідарнасць. Аднак людзей на вуліцы становіцца меней, Лукашэнка фармальна заступіў на пост прэзідэнта, таму новая стратэгія сілавікоў – дэманстрацыя сілы, каб зацвердзіць сваю ўладу менавіта на вуліцах. Адсюль і стрэл з святлошумавой ракетніцы, і кейс Вярбіцкага, і збіццё ў аўтазаку некаторых магілёўцаў. Далей будзе ўсё яшчэ больш агрэсіўна, калі грамадства не адрэагуе на жорсткасць міліцыі», – кажа праваабаронца «Магілёўскай вясны» Алесь Райкан.

Затрыманне на «Народнай інаугурацыі» Ціханоўскай. 27 верасня 2020 года, Менск.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Традыцыйна, на ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту складаюць адміністрацыйныя пратаколы паводле ч.1.арт 23.34 КаАП. Вядома, што частку затрыманых у Магілёве на акцыі 27 верасня адпусцілі дадому без складання пратаколаў, але на частку пратаколы ўсё ж такі склалі і некаторых нават забралі на содні да суду. Прычым з-за вялікай колькасці пратаколаў суды максімальна загружаны і затрыманых у нядзелю будуць судзіць толькі 30 верасня.

Фотарэпартаж
Шматтысячны марш «народнай інаўгурацыі» і больш за 230 затрыманых. ФОТА
2020.09.27 22:19

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў