У Запарожжы ўжо другія содні без перапынку разбіраюць помнік Леніну


У Запарожжы ўжо другія содні дэмантуюць найбуйнейшы ва Украіне помнік Уладзіміру Леніну.

Працэс дэмантажу зацягнуўся, бо лопнулі 2 нямецкія алмазныя тросы, якімі падразалі верх бетоннай падставы велізарнай фігуры. Паводле інфармацыі сайту гораду Запарожжа, працаўнікі амаль дапілавалі гранітны пастамент – застаўся нязначны прамежак суцэльнага граніту.

Вядома, што дэмантаж помніка не спынялі нават ноччу. Частка работнікаў працавала ў начную змену, некаторыя адпачывалі ў машынах.

Два разы былі паведамленні пра падазроныя бутэлькі з невядомай вадкасцю каля помніка, праз што працу прыпынялі, а на месца прыязджалі прадстаўнікі выбухова-тэхнічнай службы.

За звяржэннем Ільіча актыўна сочаць і карыстальнікі сацсетак: жыхары гораду, дэпутаты, чыноўнікі, журналісты. У прыватнасці, гарадскі галава Запарожжа Уладзімір Бурак на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» адзначыў, што стаўленне да працэдуры ў гараджанаў неадназначнае. Зрэшты, на яго думку, галоўнае дасягненне гораду ў тым, што Запарожжа – адзіны буйны горад, у якім дэкамунізацыя прайшла цывілізавана.

«Не было вандалізму і вэрхалу, якія мы назіралі ў шэрагу іншых гарадоў. Усе дэмантаваныя помнікі знаходзяцца на захоўванні на тэрыторыі камунальных прадпрыемстваў пад аховай», – запэўніў ён.

Народны дэпутат Ігар Арцюшэнка падкрэсліў, што дэмантажу Леніна «чакае не толькі Запарожжа, але і ўся Украіна. Але картавы сіфілітык ніяк не жадае сыходзіць у нябыт. Моцна ўчапіўся і ў плошчу, і ў галовы часткі грамадзянаў. Даціснем», – напісаў ён.

У сваю чаргу, запарожскі бізнесовец Максім Іванішчаў адзначыў, што ўчора прадстаўнікі камуністаў узнагародзілі камунальнікаў, якія ўдзельнічаюць у звяржэнні помніка, «ленінскай прэміяй» з фармулёўкай: «Дзякуй вам, таварышы, такой пільнай увагі гараджанаў да Ільіча не было з 1917 года».

Да таго ж ён нагадаў прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнка, што помнікі Леніну ў краіне заканчваюцца, а зменаў да лепшага не відаць.

Раней у Запарожжы дэмантавалі помнікі Дзяржынскаму, Арджанікідзэ і Кіраву. Помнік Леніну жыхары апраналі ў вышыванку і форму нацыянальнай зборнай Украіны па футболе.

МЯ, паводле vgolos.com.ua, fakty.ua

Стужка навінаў