Так будзе выглядаць новы касцёл, фотаздымак прадастаўлены айцом Вячаславам Барокам
У абласным цэнтры адновяць касцёл, закладзены ў XVII стагоддзі.
Тады яшчэ драўляны касцёл пабудавалі на грошы віцебскага ваяводы Яна Антонія Храпавіцкага. Падчас Паўночнай вайны будынак згарэў.
Новы каменны будынак на Рынкавай плошчы з’яўляўся часткай бернардынскага манастыра і быў пабудаваны на ахвяраванні Тэклі Агінскай, удавы віцебскага ваяводы. У такім выглядзе ён прастаяў амаль два стагоддзі. Унікальнасць аб’екту, пабудаванага італьянскім архітэктарам Іосіфам Фантанам, у тым, што ён з’яўляецца помнікам двух стыляў: звонку – барока, знутры – рэнесансу.
У 1961 годзе касцёл зруйнавалі.
Эскізны праект, прадастаўлены айцом Вячаславам Барокам
Як распавёў пробашч сучаснага касцёлу Святога Антонія Падуанскага ў Віцебску Вячаслаў Барок, Міністэрства культуры Беларусі дала станоўчую адзнаку эскізнай прапанове:
«У гістарычных архівах не захаваўся праект касцёлу, а вось апісанні, на шчасце, засталіся. Да прыкладу, заходні фасад быў незвычайных прапорцыяў для падобных храмаў: расцягнуты па гарызанталі. А падстава вежаў выступала за лінію галоўнага фасаду. Вышынёй храм – больш за 30 метраў, агульная плошча – каля 1000 м ²».
Касцёл Святога Антонія, пачатак XX ст., фота «Таямніцы Віцебску»
Вячаслаў Барок кажа, што зацверджаны план прадугледжвае наданне касцёлу першапачатковага выгляду:
«Мы хочам зрабіць яго аўтэнтычным і тут будзе важная кожная дэталь. Дарэчы, гэта і ўмова Міністэрства культуры».
На думку пробашча касцёлу Святога Антонія Падуанскага, новы будынак мог бы стаць дамінантай, якая б ураўнаважыла архітэктурную кампазіцыю адной з цэнтральных плошчаў Віцебску.
Глядзіце таксама:
НМ, belsat.eu, паводле Vkurier.by