У стагоддзе Купалаўскага тэатру з яго сыходзяць усе акторы


Артысты Купалаўскага тэатра абвясцілі, што міністр культуры спазняецца і прыедзе ў 11:00. 18 жніўня, Менск, Беларусь.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Новага сезону не будзе – заявіла трупа тэатру на сустрэчы з міністрам культуры. Акторы ўзнялі над галавой заявы на звальненне пасля таго, як стала вядома, што дырэктар калектыву Павел Латушка за свае выказванні зняты з пасады.

Распачаць сезон меліся адноўленымі «Тутэйшымі» ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна – знакавым спектаклем 90-х, напрыканцы якога на сцэне ўздымалі бела-чырвона-белы сцяг. Гэтымі днямі нацыянальныя сцягі купалаўцы павесілі на будынку тэатра, але прабылі яны там нядоўга. Цяпер тэатр заблакаваны сілавымі структурамі, працаўнікоў не пускаюць у будынак, прызначаны новы дырэктар, які пакуль не выходзіць на сувязь з калектывам.

Павел Латушка.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Тэатры з усёй Беларусі шлюць словы падтрымкі купалаўцам.

Прывітанне ад Віцебскага тэатру імя Якуба Коласа на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» размясціў кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Алесь Замкоўскі: «Адзінае, чаго жадаюць зараз беларусы – «людзьмі звацца», бо «ўсе мы разам ляцім да зор», і «толькі мы самі сваёй долі кавалі»! Коласаўцы падтрымліваюць Купалаўскі тэатр у іх неверагодна складаным становішчы пасля звальнення генеральнага дырэктара тэатра Паўла Латушкі. Купалаўцы, мы з вамі!»

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы таксама выказвае салідарнасць:

«Пераслед творчай асобы за яе асаблівае меркаванне – гэта знішчэнне самой сутнасці мастацтва. Выказваем падтрымку ўсяму калектыву Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, будучыня якога апынулася пад пагрозай. Лічым неабходным узнавіць на пасадзе генеральнага дырэктара першага драматычнага тэатра краіны Паўла Латушку, унёсак якога ў развіццё беларускай культуры немагчыма пераацаніць. Мы разам!».

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі заявіў, што не можа граць спектаклі, калі ў краіне адбываецца гвалт, і перанёс адкрыццё сезону на кастрычнік. А таксама запісаў зварот з патрабаваннем новых сумленных выбараў. Частка калектыву падпісала адкрыты ліст да Савету Міністраў у падтрыманне Купалаўскага тэатру:

У той час, як з экранаў нам увесь час кажуць пра захаванне нашай краіны, пра захаванне ўсяго таго, што мы здолелі пабудаваць за гады незалежнасці, рашэнне Міністэрства культуры выклікае не проста збянтэжанасць, а поўнае абурэнне. І бачыцца нам адкрытай дыверсіяй супраць сваёй культуры, народа, краіны», – гаворыцца ў лісце.

Занепакоены лёсам калегаў і цэнтр «АРТ Карпарэйшн», арганізатар фестывалю «ТЭАРТ»:

«Купалаўскі тэатр – адзін з сімвалаў Беларусі, культурнага руху, традыцый, светаадчування і поглядаў. Мы лічым, што грэбаваць нацыянальным тэатрам – значыць грэбаваць народам. Мы салідарныя з той пазіцыяй, якую выказалі купалаўцы, а таксама захопленыя іх вельмі моцным жэстам і з’яднанасцю. Зачыненне дзвярэй у родны тэатр, нежаданне прыслухоўвацца і радыкальнае «навядзенне парадку» – гэта не той шлях, які дапаможа вырашыць сітуацыю ў пазітыўным рэчышчы. Цяпер самы час сесці за стол перамоваў і пачаць нешта мяняць ў сваіх стратэгіях. Для ўладаў важна ўзняцца над сабой і навучыцца чуць, а не наводзіць жах. Культура – гэта крохкая матэрыя, якая не стрывае моцы і здзеку. Згубіць усё гэта можна ў лічаныя секунды, але наперадзе чакае спустошанае поле, якое стане цяжарам для гэтых жа ўладаў».

Гэтымі днямі акторы дзяржаўных тэатраў адкрыта гавораць пра падзеі ў краіне і патрабуюць спынення гвалту ды правядзення новых выбараў. Відэазвароты запісалі Магілёўскі драматычны тэатр:

«Мы патрабуем ад улады і сілавых структураў узяць на сябе поўную адказнасць за ўсе супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні сваіх грамадзянаў. Мы хочам жыць у мірнай незалежнай цывілізаванай прававой дзяржаве. Жыве Беларусь!»

Драматычны тэатр імя Максіма Горкага:

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек:

«Улады распачалі вайну супраць свайго народу. І рабіць выгляд, што мы нічога не бачым, мы не можам і не хочам. Мы, калектыў Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек, заяўляем: «Мы патрабуем перагледзець афіцыйна абвешчаныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Мы патрабуем спыніць зверствы сілавых структураў».

Праз тры дні пасля таго, як экс-міністр культуры і дырэктар Купалаўскага тэатру Павел Латушка заступіўся за ўдзельнікаў пратэстаў і выказаў гонар за тое, што ён беларус, ён застаўся без працы. Яго звольнілі 17 жніўня.

Аляксандра Дорская belsat.eu

Стужка навінаў