У Шчучыне трэці год абяцаюць усталяваць шыльду Шарлю дэ Голю


У беларускім Шчучыне ўшануюць імя французскага прэзідэнта Шарля дэ Голя. Пра гэта дамовіліся амбасадар Францыі ў Беларусі Дыдзье Канес і старшыня Шчучынскага райвыканкаму Сяргей Ложачнік, паведамляе «Гродзенская праўда».

Па словах амбасадара, ён атрымаў падтрымку ад Фонду Шарля дэ Голя для ўвекавечання яго памяці ў Шчучыне – месцы, дзе ў гады Першай сусветнай вайны (з ліпеня па верасень 1916 году) у нямецкім лагеры для ваеннапалонных сярод іншых 35 французскіх афіцэраў утрымліваўся капітан французскай арміі Шарль дэ Голь.

Разам з тым Дыдзье Канес прызнаў, што артэфактаў і пераканаўчых дакументаў знаходжання будучага прэзідэнта ў Шчучыне няма. Існуюць толькі лісты французскага афіцэра Сальмона, які знаходзіўся ў палоне разам з дэ Голем.

Фота з кнігі Jean-Baptiste Ferracci, De la capture à Verdun à la rupture avec Pétain : une autre histoire de Charles de Gaulle, Éditions de Paris-Max Chaleil, collection «Essais et documents», 2015.

Тым не менш, старшыня Шчучынскага райвыканкаму ўпэўнены, што «шчучынскі след генерала» прыцягне ў горад шмат турыстаў, асабліва з улікам уваходжання ў перспектыве мястэчка ў бязвізавую зону.

Чакаецца, што ўжо сёлета на будынку заводу «Аўтапровад», дзе падчас Першай сусветнай вайны быццам бы знаходзіўся Шарль дэ Голь, адкрыюць памятную шыльду, а да 130-й гадавіны з дня яго нараджэння ў 2020 годзе тут можа з’явіцца помнік славутаму генералу. Таксама плануецца стварыць інтэрактыўны музей са стылізацыяй часоў Першай сусветнай вайны.

Аднак варта адзначыць, што памятную шыльду на заводзе «Аўтапровад», усталёўваюць ужо не першы год. Як піша «Зара над Нёманам», гэтае пытанне ўздымалася яшчэ ўвосень 2016 года на сустрэчы Сяргея Ложачніка з дарадцам французскай амбасады Мішэлем Кантыні.

Тады бакі дамовіліся ўсталяваць шыльду яшчэ ў кастрычніку-лістападзе 2016 года. Праз два з паловай гады ўлады ўсё яшчэ працягваюць абяцаць яе ўсталяваць.

МГ / belsat.eu

Стужка навінаў