У Расеі адказалі на крытыку Лукашэнкі расейскіх тэстаў на каронавірус


Медык адной з маскоўскіх клінік рыхтуецца ўзяць тэст на каронавірус у пацыента. 17 красавіка 2020 года.
Фота: Xinhua / Zuma Press / Forum

Расспажыўнагляд заяўляе, што тэсты для вызначэння каронавіруса, перададзеныя Расеяй нашай краіне, здольныя вызначыць нават бессімптомных носьбітаў інфекцыі. Паводле мноства параметраў расейскія распрацоўкі пераўзыходзяць замежныя аналагі, гаворыцца ў паведамленні ведамства «Інтэрфаксу».

Расспажыўнагляд адзначае, што расейскія тэсты выяўляюць мінімальную колькасць чужароднага генетычнага матэрыялу ў пробе і не даюць крыжаваных рэакцыяў з іншымі ўзбуджальнікамі, вызначаючы менавіта новы каронавірус.

«Высокая эфектыўнасць расейскіх тэстаў была пацверджаная паспяхова праведзенымі яшчэ на пачатку лютага ў Кітаі параўнальнымі выпрабаваннямі, якія прадэманстравалі высокую спецыфічнасць і адчувальнасць распрацаваных у Расеі дыягнастычных набораў», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ведамства.

Расспажыўнагляд падкрэсліў, што першыя выпадкі захворвання ў Беларусі выявілі менавіта з дапамогай расейскіх распрацовак.

Падчас працоўнае паездкі ў Лідскі раён 17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь распачала вырабляць уласныя тэсты, і яны аказаліся больш дакладныя, чымся расейскія.

«Тэсты – ні да чорта. Нават тут вось правяралі расейцаў. Пралячылі. На атамную станцыю прыехалі. Усе 15 асобаў. Пралячылі. Даследавалі расейскімі тэстамі. Усе – станоўчыя. Зноў кладзі ў больніцу і лячы. Адмовіліся ад расейскіх тэстаў, узялі свае, кітайскія – адзін толькі чалавек апынуўся каронавірусным», – сказаў Лукашэнка.

З лютага Расея паставіла Беларусі 14 тысяч тэст-сістэм для выяўлення COVID-19.

На сённяшні дзень у Беларусі праведзена больш за 92 тысячы тэстаў. Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, па стане на 18 красавіка ў шпіталях на лячэнні ад каронавіруса знаходзяцца 3 282 асобы. Паводле афіцыйных звестак, ад COVID-19 памерлі 45 чалавек.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў