На палітычныя рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі, адкажуць і жыхары Беластоку. У пятніцу а 16:00 ля беларускага консульства пачнецца пікет праціўнікаў парушэння правоў чалавека.
Гэта будзе другая буйная акцыя салідарнасці з Беларуссю сёлета ў Польшчы. У нядзелю перад амбасадай у Варшаве сабралося каля тысячы чалавек, якім 26 гадоў праўлення Аляксандра Лукашэнкі хапіла па горла.
Маніфестацыя салідарнасці з палітвязнямі і ахвярамі рэпрэсій у Беластоку пачнецца ў пятніцу а 16:00. Арганізатары праз Facebook запрашаюць жыхароў гораду – асабліва мясцовых беларусаў і беларускіх мігрантаў – да Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку па адрасе: вул. Электрычная/Elektryczna 9.
– Мы запрашаем усіх тых, каго хвалюе і абурае цяперашняя сітуацыя ў Беларусі. Усіх, хто прагне вызвалення палітвязняў і звяржэння дыктатуры. Прыходзьце самі, запрашайце сяброў і знаёмых, бярыце з сабой беларускія нацыянальныя сімвалы, рабіце плакаты! – звяртаюцца арганізатары, актывісты Беларускага дому ў Варшаве.
– Выкажам салідарнасць беларусам, якія не пабаяліся пратэставаць супраць рэжыму. Давайце пакажам, што мы на іх баку, пакажам, што мы ўсе разам!
Падобныя мерапрыемствы пройдуць на гэтым тыдні ў шмат якіх сталіцах Еўропы і свету. Гэта рэакцыя на шырокае парушэнне ўладамі Беларусі правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў.
9 жніўня ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары. Лукашэнка, які кіруе з 1994 года, заявіў, што не аддасць уладу, а супраць дэманстрантаў гатовы ўжыць зброю. Аднак некаторыя неафіцыйныя інтэрнэт-апытанні сцвярджаюць, што яго падтрымліваюць толькі 3 % беларусаў.
З пачатку траўня ў краіне працягваюцца перадвыбарчыя рэпрэсіі, накіраваныя супраць апазіцыі, яе прыхільнікаў і журналістаў. Ужо арыштаваныя пяць апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Міліцыя затрымала сотні беларусаў, якія выказалі сваю салідарнасць з арыштаванымі і выйшлі на мірныя дэманстрацыі. Праваабаронцы заявілі, што выбары ўжо цяпер адхіляюцца ад дэмакратычных стандартаў. Масавыя рэпрэсіі супраць грамадзянаў асудзілі краіны Захаду, Еўрапейскі Звяз і АБСЕ.
У гэтую суботу Марш Салідарнасці з Беларуссю таксама пройдзе ў Варшаве.
Piotr Jaworski/НЯ/belsat.eu