У польскім горадзе Элк мігранты забілі 21-гадовага хлопца


У забойстве Даніэля Р. (прозвішча ў інтарэсах следства не раскрываюць – belsat.eu) пракуратура абвінавачвае двух мігрантаў, якія працавалі ў адным з кебабаў гораду.

Усяго арыштаваныя чатыры асобы: грамадзянін Алжыру, Тунісу, Марока і Польшчы. Усе мужчыны былі цвярозыя. Мараканец і паляк праходзяць у справе ў якасці сведкаў.

Паводле следства, хлопец атрымаў два раненні нажом падчас канфлікту ў навагоднюю ноч, калі выйшаў з кавярні з бутэлькамі напояў, не заплаціўшы за іх. Гаспадар, грамадзянін Алжыру, і кухар тунісец выбеглі за юнаком на вуліцу. Сварка скончылася забойствам. Уладальнік бара віну не прызнае. Грамадзянін Тунісу прызнаўся, што ўзяў з кухні нож і мог нанесці ім удары. За забойства яму можа пагражаць пажыццёвае зняволенне.

Загінулы быў двойчы судзімы, сярод іншага, за разбой.

Інцыдэнт выклікаў пратэсты ў 60-тысячным горадзе. 1 студзеня ля рэстарану сабраліся сотні незадаволеных жыхароў. Шмат хто паводзіў сябе агрэсіўна, білі вокны, кідалі камяні і петарды. Іншыя прыйшлі, каб запаліць знічы.

У выніку закалотаў былі затрыманыя каля 30 чалавек.

ДР belsat.eu паводле tvn24.pl

Стужка навінаў